Марына Золатава: Я рыхтуюся да суда і гатова да абароны



Працэс над галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай пачнецца 12 лютага. Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі будуць судзіць галоўнага рэдактара СМІ па абвінавачванні ў злачынстве, звязаным з прафесійнай дзейнасцю.

Нагадаем, Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў, інфармуе TUT.BY.

Галоўную рэдактарку партала абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

“Настрой перад судом нармальны, – кажа Марына Золатава. – Хаця ніякіх прагнозаў з нагоды таго, якім будзе канчатковы прысуд, не магу зрабіць. Але я па жыцці аптыміст, таму заўсёды веру ў лепшае. Хаця, паўтаруся, спрагназаваць ход працэса абсалютна немагчыма, і мае чаканні на гэта ніякім чынам паўплываць не могуць. Тым не менш, я рыхтуюся да суда і гатова да абароны” .

Марына Золатава дадае, што на апраўдальны прысуд яна не разлічвае.

“Я, натуральна, вялікі аптыміст, але ўвесь мой аптымізм разбіваецца аб статыстыку Вярхоўнага суда, якая сцвярджае, што ў краіне ўсяго 0, 18 працэнтаў апраўдальных прысудаў”, – адзначае яна.

palitviazni.info