Марына Золатава абвінавачаная па больш „цяжкім” артыкуле КК
Галоўнаму рэдактару парталу tut.by Марыне Золатавай, якая праходзіць па так званай „справе БелТА”, пасля больш чым трохгадзіннага допыту ў Cледчым камітэце, прад’яўлена абвінавачванне па частцы 2-й артыкула 425-га Крымінальнага кодэксу – бяздзейнасць службовай асобы.
– Мне выставілі абвінавачванне па 425-ым артыкуле частка другая “бяздзейнасць службовай асобы”. Не забяспечыла падпіску на БелТА, не спыніла несанкцыянаваны доступ. Па артыкулу 349-ым частка 2-я спынілі крымінальную справу ў сувязі з нездзяйсненнем злачыства.
Частка 2-я артыкула 349-га прадугледжвае адказнасць за несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі.
Артыкул 425-ы частка 2-я – бяздзейнасць службовай асобы, па якому выстаўлена абвінавачванне Марые Золатавай, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафа ці пазбаўлення права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасццю ці пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
***
У рамках „справы БелТА” 22 лістапада прад`яўлена абвінавачанне галоўнаму рэдактару партала tut.by Марыне Золатавай — па частцы 2 артыкула 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы).
Калегам, якія сустракалі Золатаву каля Следчага камітэта, яна паведаміла, што допыт доўжыўся больш за тры гадзіны і здымаўся на відэакамеру. Абвінавачанне па артыкуле 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі) з яе знята „з-за неўчынення злачынства”.
Па версіі следства, галоўрэд tut.by не забяспечыла падпіску на БелТА і не спыніла несанкцыянаваны доступ супрацоўнікаў да платнай стужкі навін.
Сваё стаўленне да прад`яўленага абвінавачання Золатава пакуль не сфарміравала.
Золатава — адзіны фігурант „справы БелТА”, якая абвінавачана па артыкуле 425. Максімальна магчымае пакаранне — пяць гадоў пазбаўлення волі. Астатнія праходзяць па больш „лёгкім” артыкуле 349 (да двух гадоў пазбаўлення волі).
22 лістапада стала вядома аб спыненні крымінальнага пераследу двух фігурантаў справы — мінскага карэспандэнта радыёстанцыі „Нямецкая хваля” Паўлюка Быкоўскага і галоўнага рэдактара партала realt.by Уладзіслава Кулецкага.
У гутарцы з калегамі Быкоўскі адзначыў, што больш не з`яўляецца фігурантам крымінальнай справы і на судзе, калі да яго дойдзе, будзе выступаць у якасці сведкі. Па словах журналіста, акрамя кампенсацыі раней выстаўленага яму ўрону (каля 4 тыс. рублёў) ён заплаціў штраф у 735 рублёў (30 базавых велічынь) — максімальную суму, прадугледжаную артыкулам 86 КК (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністрацыйнай адказнасці). Быкоўскі заявіў, што чакаў спынення крымінальнага пераследу. Ён не ведае, калі можа адбыцца суд, але мяркуе, што справа набліжаецца да завяршэння.
З 7 па 9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала tut.by і некаторых іншых СМІ, а таксама ў шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя супрацоўнікі партала tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына, уласкар „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі, а таксама рэдактар інтэрнэт-сайта газеты „Беларусы і рынак” Аляксей Жукаў. Яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання.
Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўразвяз, Савет Еўропы, ЗША, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
belapan.by