Марыя Калеснікава стала лаўрэаткай прэміі імя Вацлава Гавала



Як паведамляе прэс-служба ПАСЕ, з-за таго што Калеснікава знаходзіцца ў зняволенні, прэмію ад яе імя прыняла сястра актывісткі Таццяна Хоміч.

Уручаючы ўзнагароду, прэзідэнт ПАСЕ Рык Дамс адзначыў: „Выступаючы супраць рэжыму, які абраў сілу і жорсткасць у адказ на мірныя і законныя пратэсты, Марыя Калеснікава паказала, што яна гатовая рызыкнуць уласнай бяспекай дзеля справы большай, чым яна сама — і гэтым яна праявіла сапраўдную мужнасць. Так, мужны — гэта слова, якое, я лічу, лепш за ўсё апісвае ўсіх трох нашых кандыдатаў, уключаных у шорт-ліст прэміі. Як і Вацлаў Гавал, усе яны прадэманстравалі гатоўнасць ахвяраваць уласнай бяспекай, сваім дабрабытам і, у канчатковым выніку, сваёй свабодай дзеля больш вялікай справы — абароны правоў чалавека для ўсіх. Гэта прэмія, за якую заплачаная высокая цана”.

Прымаючы ўзнагароду, Таццяна Хоміч сказала, што яе сястра хацела б прысвяціць сваю перамогу ўсім, хто ў Беларусі змагаецца за свае правы. „Гэтая ўзнагарода — знак салідарнасці ўсяго дэмакратычнага свету з народам Беларусі. Гэта таксама знак для нас, беларусаў, што міжнародная супольнасць падтрымлівае нас і што мы на правільным шляху”.

Акрамя Калеснікавай у шорт-ліст прэміі ўвайшлі міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў” і бурундзійскі праваабаронца Жэрмен Рукукі.

Прэміяй імя Вацлава Гавала ПАСЕ штогод адзначае „выбітныя дзеянні грамадзянскай супольнасці ў абарону правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі”. Матэрыяльная частка прэміі — 60 тысяч еўра.

У 2013 годзе яе лаўрэатам стаў старшыня беларускага праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі, які цяпер знаходзіцца пад вартай і прызнаны палітвязнем.

Як адзначаецца ў паведамленні прэс-службы ПАСЕ, Марыя Калеснікава — адзін з лідараў беларускай апазіцыі і член Каардынацыйнай рады. „Яна ўзначальвала перадвыбарчы штаб былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і стала адным з трох жаночых сімвалаў беларускай апазіцыі і барацьбы народа Беларусі за грамадзянскія і палітычныя свабоды і асноўныя правы”, — гаворыцца ў паведамленні.

6 верасня гэтага года Мінскі абласны суд прыгаварыў Калеснікаву да 11 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Юрыст Максім Знак, які праходзіць з ёй па адной справе, асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Справу каардынатара штаба Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Калеснікавай і юрыста штаба Знака суд разгледзеў за месяц: першае пасяджэнне прайшло 4 жніўня. Працэс вёў суддзя Сяргей Епіхаў. Калеснікаву і Знака абвінавацілі ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.

Калеснікаву ўзялі пад варту 8 верасня 2020 года. За дзень да гэтага невядомыя выкралі яе ў цэнтры Мінска і спрабавалі вывезці з краіны, аднак на беларуска-ўкраінскай мяжы яна парвала пашпарт. 9 верасня затрымалі Знака.

Калеснікава і Знак прызнаныя палітвязнямі.

БелаПАН