Марыя Калеснікава з калоніі выказалася пра вайну ва Украіне
Палітзняволеная Марыя Калеснікава, якая знаходзіцца ў гомельскай калоніі, выказалася пра вайну ва Украіне.
«Некалькі дзён я чую адсюль новыя гукі, нядобрыя і жахлівыя. Мяне перапаўняе пачуццё гневу, што маю краіну ўцягваюць у вайну супраць любімай Украіны. Тое, чаго мы ўсе так баяліся – страты суверэнітэту і ўдзел у вайне – становіцца рэальнасцю. Мы не можам гэтага дапусціць. Гэта не наш выбар. Наш выбар – мір, справядлівасць і дабро», – цытуе яе словы Офіс прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, асуджанага на 14 гадоў калоніі.
6 верасня 2021 года суддзя Сяргей Епіхаў прысудзіў Калеснікаву да 11 гадоў пазбаўлення волі. Марыя знаходзіцца ў калоніі з 9 студзеня.