Марына Касінерава: Салідарная падтрымка дазваляе не зламацца
Кнігі, адзенне, асабістыя прыналежнасці. Гэта ўсё тое, што палітвязні могуць пакінуць за кратамі пасля выхаду на волю. Адзіная рэч, якую яны вельмі берагуць, гэта лісты. Гэта сувязь з тымі людзьмі, якія ўвесь час верылі ў іх вызваленне і пра іх не забывалі.
Таму варта як мага больш пісаць, распавяла „Госця Рацыі” прадстаўніца ініцыятывы дапамогі палітвязням у Беларусі Dissidentby Марына Касінерава ў гутарцы з Алісай Поль.
РР: Навошта пісаць палітвязням?
– У першую чаргу гэта магчымасць падтрымаць чалавека наўпрост і паказаць яму, што ён там знаходзіцца не таму, што ён там знаходзіцца не таму, што ён нейкі злачынец, нешта ён зрабіў дрэннае, а тое, што ён усё зрабіў правільна, справядліва. Ён выказаўся і не вінаваты ні ў чым. Гэта дае вельмі шмат моцы чалавеку супрацьстаяць таму, што адбываецца там, калі ён знаходзіцца ў няволі, калі на яго ціснуць, калі яму спрабуюць данесці, што ён зрабіў нешта дрэннае. Вось гэтая чалавечая салідарная падтрымка дазваляе не зламацца і верыць у сябе.
РР: Што можна напісаць палітвязню?
– Заўсёды можна проста прадставіцца. Калі чалавек не жадае пісаць сваё сапраўднае прозвішча ці вельмі нейкія асабістыя звесткі раскрываць, можна проста напісаць: „Я дазнаўся пра твой кейс, бачыў пра цябе там-та. Даведаўся, што ў цябе ёсць дзеці ці ты цікавішся чымсьці”. Можна распавесці пра свае хобі, распавесці пра надвор’е, або пра тое, як хтосьці, кудысьці ездзіў. Штосьці такое агульнае, што не будзе выклікаць нейкіх сумневаў цэнзару, бо заўсёды трэба трымаць у галаве, што акрамя чалавека, які атрымоўвае ваш ліст, каму вы пішаце, гэты ліст заўсёды чытаюць трэція людзі. Трэба гэта заўсёды трымаць у галаве, калі вы не хочаце раскрыць нейкія звесткі, якія б вы не хацелі. Можна распавесці нешта агульнае пра сябе, пра сваё хобі, пра працу, калі гэта дазваляе, пажадаць нешта чалавеку. У прынцыпе гэтага дастаткова, каб завязаць перапіску і паглядзець, што адкажа чалавек.
РР: Як выбраць, каму напісаць?
– У некаторых людзей не ўзнікае сумневу, калі яны бачаць кейс, то яны ведаюць каму напісаць. Калі зусім няма ідэй, то на нашым рэсурсе можна ў спісе палітвязняў зрабіць сарціроўку і паглядзець, колькі лістоў чалавеку дасылаецца. Мы просім людзей дасылаць нам пацвярджэнні, што нейкі ліст быў дасланы. Можна паглядзець, каму не дасылаюць увогуле і выбраць такіх людзей. Можна выбраць чалавека, які пражывае ў тым жа горадзе, што і вы. Можна выбраць па месцы знаходжання, ці ёсць дзеці, жанчына, мужчына. Можна паглядзець, хто з іх патрабуе дапамогі ці лістоў. Таксама мы на рэсурсах і ў сацыяльных сетках часта пішам, што кагосьці варта падтрымаць. Магчыма ў кагосьці ідзе суд, судовая пасяджэнне, гэта таксама ёсць на нашым сайце. Людзям падчас судовых пасяджэнняў таксама патрэбная падтрымка. Любы чалавек, які знаходзіцца за кратамі, і будзе атрымліваць лісты, гэта будзе яго падтрымліваць. У Фэйсбуку ёсць група „Лісты салідарнасці”, там таксама вельмі шмат інфармацыі пра тое, калі людзі пішуць, сваякі пішуць і просяць, каб падтрымалі іх блізкіх.
Як адзначыла Марыя Касінерава, на сайце Dissidentby можна знайсці адрасы, па якіх варта дасылаць лісты і паштоўкі. Таксама там знаходзіцца інфармацыя пра дні народзінаў палітвязняў.
Беларускае Радыё Рацыя