Марыя Міцкевіч: Мой дзед таксама змагаўся за Беларусь без фашыстаў



Удзел у маршы пенсіянераў, які прайшоў у Мінску 26 кастрычніка, прымала Марыя Міцкевіч — унучка класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Маўра.

У размове з карэспандэнтам БелаПАН па выніках акцыі яна адзначыла: „Цяпер мы на плошчы імя майго дзеда — Якуба Коласа. Я хачу падзякаваць людзям, яны прыносяць кветкі. Беларусь будзе жыць, калі будзе памяць. Ён таксама змагаўся за Беларусь без фашыстаў, каб мы жылі шчасліва ў нашай любімай краіне”.

„Я вельмі ганаруся, што сёння так шмат сімволікі, мы з ёй жывём больш за трыццаць гадоў, і сёння яна — на вуліцах. Столькі бел-чырвона-белых сцягоў — гэта мяне падтрымлівае і дае сілы для будучыні. Я стараюся хадзіць на маршы, на ўсе не атрымліваецца, але хаджу”, — сказала Марыя Міцкевіч.

„Галоўнае — каб змянілася сітуацыя ў нашай краіне, — падкрэсліла яна. — Каб у нас былі сапраўдныя выбары. Я некалькі разоў была назіральнікам, і я дакладна ведаю, што адбываюцца фальсіфікацыі, што там наогул ніхто галасы не лічыў”.

„Хацелася б, каб усё ж была праўда, каб працавалі законы, каб суды па справядлівасці працавалі, а не слухалі хлуслівых міліцыянераў, якія твараў сваіх не паказваюць. У такой краіне не хочацца жыць. За будучыню трэба змагацца”, — перакананая ўнучка Якуба Коласа.

У сённяшнім маршы пенсіянераў узялі ўдзел не менш за пяць тысяч чалавек розных узростаў, у тым ліку студэнты. Дэманстранты сабраліся а 14.00 каля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці і прайшлі арганізаванай калонай да плошчы Якуба Коласа.

Гэта быў ужо чацвёрты марш пенсіянераў — такія акцыі праходзяць апошні месяц па панядзелках.

БелаПАН