Марыя Тарасенка: Я не збіраюся падстройвацца пад чыноўнікаў



Гамяльчанка Марыя Тарасенка, якая стала першай у Беларусі “дармаедкай”, распавяла пра планы на наступны год.

Нагадаем, што жанчына была ўключана ў спіс “не занятых у эканоміцы”, пра гэта яна даведалася ад работнікаў ЖЭУ. Гамяльчанка пачала абскарджваць вышэйзгаданае рашэнне, пасля чаго яе выключылі са спіса людзей “не занятых у эканоміцы”.

Марыя Тарасенка: Мне, скажам так, далі адтэрміноўку да канца гэтага года, таму ў наступным я ізноў буду лічыцца “дармаедам”. І як толькі атрымаю “камуналку” па новых тарыфах, ізноў буду апеляваць да чыноўнікаў і даказваць ім, што яны не маюць права спаганяць нейкія дадатковыя грошы.

РР: Вы па-ранейшаму не працуеце?

Марыя Тарасенка: Я знаходжуся ў статусе дамашняй гаспадыні, грошы для сям’і зарабляе муж. Мы плацім усе неабходныя падаткі, купляем у магазіне тавары, а значыцца таксама ўскосным чынам датычныя да ўдзелу ў эканоміцы. Хто прыдумаў гэты ненармальны закон, які абвяшчае мяне чалавекам, “не занятым у эканоміцы”?

Таму я прынцыпова не буду падстройвацца пад гэты свет і пад тыя абставіны, што дыктуюць мне чыноўнікі. Я адстойваю сваё права жыць па Канстытуцыі – так, як хачу, і як лічу патрэбным.

Я нічога не парушаю. А быць дамашняй гаспадыняй – гэта ж цудоўна. Гэта – умацаванне сям’і. Таму я не бачу ніякіх падстаў штосьці мяняць толькі з-за таго, што хтосьці вырашыў, што я абавязкова павінна працаваць.

РР: Вы ж хацелі зарэгістраваць Асацыяцыю “дармаедаў”. На якой стадыі працэс стварэння арганізацыі?

Марыя Тарасенка: Пакуль кансультуемся з людзьмі, але ж дзеянне дэкрэта аб “дармаедах” прыпынілі, таму пачакаем і мы. Упэўнена, што, калі на людзей пачнуць ціснуць па поўнай праграме, то такая асацыяцыя будзе запатрабаванай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя