Маскавы рэжым можа захавацца да чэрвеня
Міністэрства аховы здароўя не будзе адмяняць масачны рэжым у краіне да пачатку скарачэння захворвання каронавірусам COVID-19 альбо да заканчэння эпідэміі, заявіў у праграме „Галоўны эфір” 22 лістапада на тэлеканале „Беларусь 1” выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
Маскі трэба будзе насіць у грамадскіх месцах, „пакуль не скончыцца эпідэмічны працэс, гэта рэспіраторны этыкет”, сказаў Піневіч.
„Эпідэмічны працэс ідзе паводле сваіх законаў. Іх досыць складана абысці. Таму масачны рэжым і сацыяльнае дыстанцыяванне да завяршэння эпідпрацэсу, як мінімум да пачатку падзення ўзроўню захворвання, павінны захоўвацца. А ў цэлым — да яго завяршэння, можа, да чэрвеня”, — адзначыў в.а. міністра.
Паводле яго ацэнак, зараз на піку захворвання „ўжо Гарадзенскі рэгіён і, будзем спадзявацца, Менскі, працягваюць прырастаць Гомель, Віцебск і Магілёў”, а найбольш павольна растуць паказчыкі ў Берасцейскай вобласці. Чыноўнік звязвае гэта з тым, што там пазней завяршылася першая хваля каранавіруса.
„Усё гэта цалкам укладваецца ў нашы прагнозы. Гэта не кажа аб тым, што мы павінны расслабіцца ў гэтых адносінах. Як раз наадварот, прагнозы, якія спраўджваюцца, кажуць пра тое, што мы на правільным шляху. Мы нічога не мянялі ў прынцыпе з аказаннем меддапамогі ў параўнанні з вясной”, — заявіў Піневіч.
Ён прызнаў, што ёсць і заўвагі па працы, якія аператыўна ўхіляюцца, яны ў асноўным звязаныя з тым, што стала больш хворых у параўнанні з вясновай хваляй, і выгараннем персаналу.
Піневіч падкрэсліў, што каранавірусныя надбаўкі медыкам адмяняць не будуць. Студэнты, якія працуюць у „чырвонай зоне” з заключэннем працоўных дагавораў, таксама атрымліваюць гэтыя надбаўкі.
Расійскую вакцыну „Спадарожнік V” будуць вырабляць на базе прадпрыемства „Белмедпрэпараты”, яно гатовае да разгортвання, дадаў чыноўнік. „Усё астатняе мы скажам пазней, таму што пытанне маштабавання і трансферу тэхналогіі з’яўляецца ў тым ліку камерцыйнай таямніцай”, — адзначыў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.
Першая партыя вакцыны ў лабараторных умовах, упэўнены ён, будзе атрыманая ўжо сёлета. „Магчыма, не на базе „Белмедпрэпаратаў”, а на базе іншай установы. Але гэта будзе гэты год. А маштабаванне, прамысловая вытворчасць, вядома, гэта будзе наступны год”, — заявіў чыноўнік.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя на 22 лістапада, зафіксавана 123.999 выпадкаў заражэння COVID-19, памерла 1.096 чалавек. 21 лістапада міністэрства паведаміла, што за апошнія суткі памерла восем чалавек — гэта антырэкорд з моманту з’яўлення віруса ў краіне.
Фота: МН