Масавыя крадзяжы аўтамабільных нумароў у Бярозе



Масавыя крадзяжы аўтамабільных нумароў адбыліся ў Бярозе. Толькі за адну ноч па вуліцы Юбілейнай 11 аўтамабіляў засталося без нумароў. Тое самае адбылося на вуліцах Тышкевіча і Горына-Каляды. Агулам скрадзена каля 25-ці  нумароў.

Рэгістрацыйныя знакі будуць, верагодна, адпраўлены ў Расею, кажа жыхар Бярозы Вадзім:

– У іх дарожны збор большы, чым у нас. Калі ён будзе на беларускіх нумарах ездзіць, ім тэхпашпарт падробяць, а за дарогу плаціць не трэба. Камеры, якія фіксуюць хуткасць, таксама яго не знойдуць, калі ён за межы Расеі выязджаць не будзе. Я неяк у інтэрнэце нават бачыў, як мужчына з Уладзівастока шмат фотаздымкаў машын выкінуў з беларускімі нумарамі – гэта ва Уладзівастоку беларусы нібы ездзяць з нумарамі Берасцейскай вобласці. Я не ведаю такога чалавека, які б за 11 тысяч кіламетраў паехаў кудысьці на машыне.

Цяпер гаспадарам аўтамабіляў трэба заплаціць за новыя нумары па 500 тысяч рублёў. У той жа час, у Міжраённым рэгістрацыйным аддзяленні ДАІ – вялікія чэргі з-за наплыву машын з Расеі. Даводзіцца ездзіць без нумароў, а гэта з’яўляецца парушэннем.

Беларускае Радыё Рацыя