Масавыя мерапрыемствы ў Магілёве – без дамовы з міліцыяй
Магілёўскі гарвыканкам дазволіў арганізатарам масавых мерапрыемстваў не заключаць дамову з міліцыяй. Такім чынам, мясцовыя ўлады прывялі ў адпаведнасць з урадавымі дакументамі сваё рашэнне „Аб масавых мерапрыемствах у Магілёве”.
Падпісаны старшынём Магілёўскага гарвыканкама Уладзімірам Цумаравым новы дакумент набыў моц 27 мая. Ён ўносіць змяненне ў ранейшае рашэнне Магілёўскага гарвыканкама ад 19 снежня 2007 года, па якім арганізатары масавай акцыі павінны былі прыкладаць яшчэ і дамову аб ахове грамадскага парадку.
Цяпер арганізатары масавага мерапрыемства, калі яно праходзіць без удзелу дзяржаўных органаў, „павінны даць звесткі аб заключаных ва ўстаноўленым парадку дагаворах аб медыцынскім абслугоўванні падчас правядзення мерапрыемства, аб забеспячэнні ўборкі тэрыторыі пасля правядзення мерапрыемства”.
У сакавіку 2012 года Савет міністраў зацвердзіў палажэнне, якое датычыць парадку арганізацыі ўзаемадзеяння праваахоўных органаў, арганізатараў масавых мерапрыемстваў і прадстаўнікоў грамадскасці, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадскага парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. У ім адсутнічае абавязак арганізатараў масавай акцыі заключаць дамовы з міліцыяй па ахове грамадскага парадку.
„Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства накіроўвае яго копію ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў для разгляду пытанняў, звязаных з аховай грамадскага парадку і забеспячэннем грамадскай бяспекі, і выпрацоўкі адпаведных прапаноў”, — гаворыцца ў дакуменце.
Разам з тым закон „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” змяшчае патрабаванні да заявы на правядзенне масавай акцыі. Сярод іншага ў заяве павінны быць паказаныя меры па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства. Рашэнне мясцовых уладаў аб забароне або дазволе правядзення такога мерапрыемства прымаецца таксама з улікам аплаты расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку.
„Парадак аплаты расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, вызначаецца рашэннем мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, на тэрыторыі якога плануецца правядзенне масавага мерапрыемства”, — гаворыцца ў артыкуле 6 гэтага закона.
„Пакуль яшчэ за гэтыя дні ніхто ў Магілёве не падаваў заявак на правядзенне масавай акцыі, таму трэба пачакаць, каб паглядзець, як будуць дзейнічаць на практыцы змены ў рашэнне гарвыканкама”, — пракаментаваў БелаПАН новаўвядзенне магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.
Паводле БелаПАН