Масавыя пахаванні ахвяраў калоніі НКВД у мястэчку Хальч
Гамяльчук Сяргей Макрэнка разам з сям’ёй другі год запар парадкуе і прыбірае на месцы меркаванага месца масавага пахавання ахвяраў калоніі НКВД у мястэчку Хальч Веткаўскага раёна.
Паводле ягонага прызнання, ён быў шакаваны, калі прачытаў пра ўмовы ўтрымання гэтай установы, дзе ўтрымліваліся жонкі ворагаў народу і малыя дзеці.
– Я даведаўся, што ў Хальчы адбываліся сталінскія рэпрэсіі. І гэтыя пахаванні ахвяраў ніяк не пазначаныя, акрамя як гэтым крыжам, усталяваным неабыякавымі грамадскімі актывістамі. Мяне ўразіла, што ў калоніі сядзелі мамы з дзецьмі. І гэтых дзяцей хавалі на хальчанскіх могілках без аніякіх знакаў памяці. Толькі, як узгадваюць мясцовыя жыхары, садзілі на месцы могілак дзяцей ліпы.
Калонія НКВД “Воля” ў Хальчы была ўтвораная ў 1921 годзе і функцыянавала, з перапынкам на ІІ Сусветную вайну, да 1954 года.
Беларускае Радыё Рацыя