Маскоўскі суд адмовіўся арыштоўваць Юрыя Баранчыка



Дарагамілаўскі раённы суд Масквы адмовіў у задавальненні хадайніцтва пракурора аб абранні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту грамадзяніну Беларусі Юрыю Баранчыку. Адпаведная пастанова прынятая 16 сакавіка.

Юрый Баранчык

Як паведамляе агенцтва Regnum са спасылкай на адваката затрыманага, суд прызнаў неабгрунтаванымі аргументы Следчага камітэта Беларусі, што абвясціў у вышук па артыкуле аб распальванні міжнацыянальнай варожасці шэф-рэдактара аналітычнай рэдакцыі Regnum Юрыя Баранчыка, які быў затрыманы паліцыяй у Маскве.

„З пастановы аб распачынанні крымінальнай справы ад 29 лістапада 2016 года, прадстаўленай ў матэрыялы хадайніцтва, не бачыцца месца ўчынення Баранчыкам Ю. злачынства, не канкрэтызаванае дзеянне — не раскрыты яго аб’ектыўны бок, што пазбаўляе суд магчымасці ўстанавіць, ці ўтвараюць гэтыя дзеянні крымінальна каральную дзею на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі”, — цытуе Regnum рашэнне суддзі.

Такім чынам, суд прызнаў довады абароны. Пасля заканчэння тэрміну затрымання Юрый Баранчык будзе адпушчаны на волю.

Нагадаем, 15 сакавіка паведамлялася, што Баранчык падаў хадайніцтва аб даванні палітычнага прытулку прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну.

Юрый Баранчык затрыманы ў Маскве па запыце Следчага камітэта Беларусі ў рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Шыпценкі, Юрыя Паўлаўца і Зміцера Алімкіна. Гэта беларускія грамадзяне, якія рыхтавалі матэрыялы па ўнутрыпалітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі для шэрагу расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў і СМІ, у тым ліку для Regnum. Следчы камітэт распачаў у іх дачыненні крымінальныя справы аб распальванні міжнацыянальнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК, яе санкцыя прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі).

15 сакавіка СК Беларусі паведаміў, што падчас следства было ўстаноўленае дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 КК, грамадзяніна Беларусі Юрыя Баранчыка, які пастаянна жыве ў Маскве.

„У далейшым на падставе сабраных матэрыялаў следчым была вынесеная пастанова аб прымяненні ў дачыненні да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і абвяшчэнні яго ў вышук”, — зазначылі ў Следчым камітэце Беларусі.

belapan.by