Масленіца на Глыбоччыне з полацкім „Варганам”



“Масленіцу” ў мясцовых традыцыях адсвяткавалі на Глыбоччыне. Імпрэзу зладзілі фальклорны гурт “Варган” і ўладальнікі сядзібы “Запаведны востраў”, якая сёлета стала лепшай аграсядзібай у Беларусі.

Святу “Масленіцы” ўласцівая незвычайная весялосць. Падчас яго пякуць бліны, ходзяць у госці, ладзяць застоллі, катаюцца на конях, арэлях, санях і санках. Дзяўчаты прыбіраюцца ў лепшыя строі. На Масленіцу абавязкова спяваюць масленічныя песні.

Як кажа ўладальнік аграсядзібы “Запаведны востраў” Аляксандр Цвірка, ён з задавальненнем у сябе на сядзібе ладзіць святы ў народных традыцыях.

– Традыцыі – гэта, канешне, вельмі прыгожа, гэта наша культура. Хацелася б, каб людзі бачылі і ведалі гэта ўсё. Раней мы рабілі па-свойску. Рабілі ляльку і палілі. Спевы былі самадзейных артыстаў. А зараз зладзілі сумесна з полацкім фальклорным гуртом “Варган”. Яны робяць свята Масленіца так, як рабілася яно ў гэтых краях менавіта крывічанамі-палачанамі. Тут не палілі ляльку. Гэта спевы, гульні, арэлі, вогнішча… Вось такое.  

Асноўная накіраванасць Масленіцы — праводзіны зімы, жаданне хуткага прыходу вясны. Існуюць разнастайныя масленічныя абрады, у тым ліку прысвечаныя маладым. Звычайна на Масленічным тыдні маладыя гасцююць у бацькоў жонкі, так званы прыезд зяця да цешчы “на бліны”.

Таццяна Смоткіна