Мастака Алеся Пушкіна аштрафавалі за перформанс



10 чэрвеня суд аштрафаваў мастака Алеся Пушкіна, які 6 чэрвеня быў затрыманы міліцыяй за правядзенне перформансу.

Пушкіна абвінавачвалі па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), а таксама па артыкуле 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы).

Суд палічыў віну Алеся Пушкіна ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння даказанай і аштрафаваў мастака на восем базавых велічынь (204 рублі): пяць базавых — за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і тры базавыя — за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Пушкін быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 6 чэрвеня ў цэнтры Крупак. Пушкін выйшаў да магазіна сеткі „Еўраопт” з плакатамі Stop russian agression on Europe ( „Спыніце расійскую агрэсію ў Еўропе”), Russia – war! („Расія – вайна!”) і партрэтам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, а таксама плакатам „Беларусь у NATO”. Пры затрыманні мастака яго творы-плакаты былі канфіскаваныя міліцыяй, пад вартай ён правёў каля сутак.

Беларускі ПЭН-цэнтр 7 чэрвеня выступіў з заявай, у якой запатрабаваў спыніць пераслед Пушкіна. „Месца перформансу выбрана не выпадкова — 8 мая ў гэтым магазіне адбыўся канфлікт Алеся Пушкіна з ахоўнікамі, якія агрэсіўна адрэагавалі на беларускую мову і паспрабавалі сілком выдаліць мастака з гандлёвай залы”, — адзначаецца ў заяве.

Пушкін — вядомы беларускі мастак-перформер, які ўжо 30 гадоў выступае ў абарону беларускай мовы і праводзіць акцыі ў падтрымку свабоды выказвання ў Беларусі.

25 сакавіка 1989 года ён зладзіў першы пэрформанс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі тэатральна-мастацкага інстытута. Пушкіна асудзілі на два гады зьняволення ўмоўна.

У 1999 годзе Алесь Пушкін быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перфоманс „Падзяка прэзідэнту”. 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін прывёз да яго рэзідэнцыі тачку гною, афарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі і партрэт Лукашэнкі.

10 снежня 2000 года, у Міжнародны дзень правоў чалавека, Пушкін разам з праваабарончым цэнтрам „Вясна” зладзіў выставу непадцэнзурнага мастацтва „Не дазволена цэнзурай”.

У 2012 годзе падчас 10-сутачнага арышту ў Смаргоні (Гарадзенская вобласць) стварыў шэраг малюнкаў „Мастак за кратамі”.

Неаднаразова падпадаў пад адміністрацыйныя арышты за мастацкія акцыі, некалькі разоў падчас затрымання Пушкіна збівалі супрацоўнікі міліцыі.

belapan.by

Фота з Фэйсбука Алеся Пушкіна.