Мастака Алеся Пушкіна пакінулі за кратамі да суда
Пра гэта паведаміў Фонд культурнай салідарнасці са спасылкай на жонку вязня.
Мастак Алесь Пушкін застанецца ў няволі да суда. Яго вінавацяць паводле арт.130 ч.3 КК («распальванне нацыянальнай, расавай ды іншай варажнечы групай асобаў», а таксама «рэабілітацыя нацызму»), аднак, як паведамляецца, ён трымаецца і пачуваецца добра.
Пакаранне паводле гэтага крымінальнага артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.
Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала дэманстрацыя партрэта ўдзельніка антысавецкага падполля Аўгена Жыхара на выставе ў гарадзенскім прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця». Па гэтай жа справе быў таксама затрыманы на 72 гадзіны кіраўнік «Цэнтра» Павел Мажэйка, але пазней ён выйшаў на волю.
