Мастам нарэшце далі галоўнага лекара
Кіраўніцтва Гарадзенскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя нарэшце падабрала галоўнага доктара Мастоўскага ТМА. Наколькі гэтае прызначэнне паспрыяе аздараўленню самой мастоўскай медыцыны, да якой вельмі крытычна ставяцца пацыенты і калегі з іншых медычных устаноў, пакажа час.
Пасля таго, як год туму супраць галоўнага лекара Мастоўскага ТМА Алега Трушко пачалося следства па фактах перавышэння службовых паўнамоцтваў, лякарня засталася без кіраўніка. Цэлы гэты час абавязкі галоўнага доктара выконваў намеснік галоўнага Валеры Валковіч. І толькі зараз гэтую пасаду стала заняў Валеры Ліс. Ён 1965 года нараджэння. Скончыў Гарадзенскі медінстытут. Працоўную дзейнасць распачаў у 1989 годзе тэрапеўтам Жлобінскай раённага шпіталя Гомельскай вобласці. Праз два гады заняў пасаду загадчыка паліклінікі Сапоцкінскай больніцы. З 1993 па 2000 гады – доктар-тэрапеўт, загадчык аддзяленнем Гарадзенскай раённай паліклінікі. Затым праца не звязаная з медыцынскай практыкай. У 2000-м годзе Ліс выбіраецца старшынём прафсаюзнага камітэта тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання Гарадзенскага раёна. А пасля старшынём прафсаюзнай арганізацыі Гарадзенскай гарадской паліклінікі. Апошнія два гады займаў пасаду ўрача агульнай практыкі Капцёўскай амбулаторыі.
Натуральна ўзнікаюць пытанні як да галоўных медыцынскіх чыноўнікаў вобласці, так і да самога прызначэнца. Чым кіраваліся першыя, прызначаючы асобу з пасады шарагова лекара на галоўнага доктара. І ці зможа апошні, акрамя пытанняў лекавання, належна весці значную гаспадарчую працу.
Варта дадаць, што папярэднікі Ліса – Міхаіл Собаль і Алег Трушко – пры прызначэнні на гэтую пасаду былі значна маладзейшыя.
Язэп Палубятка, Беларускае Радыё Рацыя