Мастоўскія калодзежы самыя атрутныя на Гарадзеншчыне



Па дадзеных органаў санітарнага нагляду самыя высокія паказчыкі перавышэння хімічных рэчываў у грамадскіх і індывідуальных калодзежах па Гарадзенскай вобласці зафіксаваны ў Мастоўскім раёне.

У вобласці завяршаецца рэалізацыя праграмы “Чыстая вада”, якая скіравана на падвышэнне забеспячэння насельніцтва цэнтралізаваным водазабяспячэннем з пітнай вадою нарматыўнай якасці. У межах гэтай праграмы была праведзена грамадская кампанія “Спынім нітраты – ціхіх забойцаў”, мэтай якой быў маніторынг праблемы забруджвання пітной вады нітратамі, які высветліў, што толькі ў адным з пятнаццаці калодзежаў на Мастоўшчыне ўтрыманне нітратаў не перавышае дапушчальную норму канцэнтрацыі.

Праблема з нітратамі ў пітнай вадзе ўзнікла з пачаткам хімізацыі  сельскай гаспадаркі раёна. Пра тое ведаюць як грамадскасць, так і раённае кіраўніцтва. Дадзеныя аналізаў проб вады на ўтрыманне нітратаў штогод прадстаўляе мясцовая санэпідэмстанцыя. Улады на гэта ніяк не рэагуюць. Яны на тую праблему не адрэагавалі нават тады, калі ў 2000-ым годзе ад вады з высокім ўтрыманнем нітратаў у вёсцы Левыя Масты памерла немаўля, што канстатавалі медыкі.

Не лепшы стан і з грамадскімі калодзежамі. Асноўная іх частка прыходзіцца на Масты. Большасць з іх знаходзіцца ў непрыдатным стане: закідана смеццем, хоць некаторыя маюць знешне прывабны выгляд.

Язэп Палубятка, Беларускае Радыё Рацыя