“Матчын рух 328” накіраваў у Вярхоўны суд зварот
Ініцыятары стварэння сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” накіравалі ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь зварот, у якім звяртаюць увагу дзяржаўнай установы на шматлікія парушэнні падчас судовых разбіральніцтваў. У прыватнасці, асуджаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў). Маці асуджаных лічаць, што ў шэрагу выпадкаў справы іх дзяцей фальсіфікуюцца, а Вярхоўны суд не звяртае на гэта ніякай увагі, – зазначае кіраўнік ініцыятыўнай групы па стварэнню грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар:
– Вялікія тэрміны, узрост асуджаных – 14 гадоў, гэта нельга рабіць, не заўсёды справядліва судзяць у судах, часам падыходзяць да гэтага пытання без рэальнай доказнай базы, а толькі паводле сведчанняў сведкі, якога, магчыма, наймае тая ж самая сістэма, каб кагосьці агаварыць.
Да зварота ў Вярхоўны суд ініцыятары стварэння грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” прыклалі каля пяціста подпісаў тых жанчын, чые дзеці адбываюць тэрміны турэмнага зняволення. Дасланыя таксама рэкамендацыі па змяненню Крымінальнага кодэкса і пералік парушэнняў, якія адбываюцца падчас судовых працэсаў.
Беларускае Радыё Рацыя