„Матчын рух 328”: Наркакантроль правакуе залежных ісці на злачынства
Галоўнае ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС парушае закон пры правядзенні аператыўных мерапрыемстваў па спыненні незаконнага абароту наркотыкаў, заявіла 11 снежня ў Менску актывістка ініцыятывы „Матчын рух 328”, член аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „Наша права” Ліяна Шуба.
Шуба ўзяла ўдзел у пасяджэнні круглага стала, прысвечанага праблеме прафілактыкі і пакарання за ўжыванне і распаўсюджванне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. У гэтай сустрэчы таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Следчага камітэта, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталля Гуйвік, намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, члены грамадскіх арганізацый, якія дапамагаюць нарказалежным людзям.
Актывістка ініцыятывы „Матчыны рух 328” адзначыла, што часта бывае на судовых працэсах па справах, распачатых паводле арт. 328 КК (незаконны абарот наркотыкаў) у яе родным Жлобіне (Гомельская вобласць). Паводле слоў жанчыны, на пасяджэннях нярэдка высвятляецца, што аператыўнікі наркакантролю на працягу доўгага часу „вядуць” падазраваных.
„Чацвёра хлопцаў са Жлобіна, — прывяла прыклад Шуба. — Ідзе аператыўная распрацоўка — за імі назіраюць, як яны замаўляюць наркотыкі праз інтэрнэт, аплачваюць, скінуўшыся ўчатырох па 15 рублёў, праз любы інфакіёск, затым едуць у Гомель за закладкай. У цягніку на зваротным шляху змешваюць псіхатроп з гарбатай, дзеляць, ужываюць у тамбуры. Наркакантроль іх не спыняе. Яны прыязджаюць у Жлобін — іх цёпленькімі бяруць і ў стане наркатычнага ап’янення дапытваюць”.
Яна перакананая, што такія дзеянні з боку праваахоўных органаў злачынныя, бо яны закліканыя „прадухіляць злачынства, спыніць яго, а не абыякава назіраць за тым, як людзі здзяйсняюць злачынства, і не ўмешвацца ў гэта”.
„Больш за тое, яны правакуюць іх на больш сур’ёзнае злачынства, — падкрэсліла актывістка. — Зноў жа на прыкладзе нашага горада. Я ведаю пра крымінальную справу, дзе на кантрольны закуп, для таго каб нарказалежнага вывесці на чыстую ваду, выдзялялася 10 млн рублёў (тут і далей сумы ў недэнамінаваных рублях. — БелаПАН.). Які залежны чалавек устаіць супраць такой сумы? Ніякі. А паводле вынікаў затрымання гэтага чалавека, дарэчы, разам з закупшчыкамі пры ім было выяўлена ўсяго толькі 5,2 млн. Гэта значыць 4,8 млн дзяржаўных рублёў пайшлі на наркотыкі, забавы — яны па казіно ездзілі. Вось такая праца наркакантролю”.
„Мой сын атрымаў на закупку ад правакатара-закупшчыцы 1,1 млн рублёў. Ён паехаў у Менск на закладку і вярнуўся праз тыдзень з рэанімацыі. У мяне сын ледзь не загінуў, таму што наркакантроль справакаваў яго попыт на гэта”, — дадала Шуба.
belapan.by