“Матчын рух 328” падаў скаргу ў суд



Ініцыятары стварэння сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” звярнуліся ў Гарадзенскі абласны суд са скаргай на рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі. На думку актывістаў аб’яднання, Упраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама не зарэгістравала арганізацыю па надуманых прычынах і парушыла  канстытуцыйныя правы грамадзян.

Як зазначае старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнні сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар, дзеянні Упраўлення юстыцыі выглядаюць як спроба абмежавання легальнай дзейнасці арганізацыі, якая мае намер займацца вострымі пытаннямі, што паўстаюць у беларускім грамадстве:

– Атрымліваецца, што мы не можам займацца дабрачыннай дзейнасцю. Але чаму? Я не разумею. У нас ёсць маці, у якой сын асуджаны на 9 гадоў, а ён інвалід другой групы. Ёсць прыклад, калі асуджаны хлопец, у якога парушана псіхіка, яго трэба лячыць, а яго пасадзілі на 14 гадоў. Кім яны выйдуць і што з імі будзе?

Грамадскае аб’яднанне “Матчын рух 328” паўстала ў сувязі са шматлікімі фальсіфікацыямі падчас правядзення следчых дзеянняў і вынясення судовых пастановаў у дачыненні да асобаў, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за ўжыванне і распаўсюд наркотыкаў. Арганізацыя актыўна дзейнічае на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці з сярэдзіны 2015 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня