“Матчын рух 328” супраць узмацнення жорсткасці



Не жорсткае пакаранне, а прафілактыка з’яўляецца найбольш эфектыўнай мерай у справе супрацьдзеяння гандлю і распаўсюду наркотыкаў. Такія вынікі апытання грамадскай думкі, праведзенага ў праграме Агульнанацыянальнага тэлебачання “Справа прынцыпу”.

Сярод амаль сарака тысячаў гледачоў, якія прынялі ўдзел у тэлефонным галасаванні, 72% выказаліся за прафілактычныя меры ўздзеяння, 28% – за жорсткія захады ў дачыненні да людзей, якія ўжываюць і распаўсюджваюць наркотыкі.

Удзел у праграме прыняла ініцыятарка стварэння грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар, якая лічыць, што жорсткія захады супрацоўнікаў міліцыі і судовых установаў у шэрагу выпадкаў носяць антызаконны характар: у выніку церпяць людзі, якія не ажыццяўлялі злачынствы, звязаныя з распаўсюдам наркотыкаў:

– Я не хачу ніякім чынам апраўдаць тых, хто падсажваў на тую іглу, хто распаўсюджваў гэту ракавую пухліну. З боллю ў сэрцы я стаўлюся да тых мацярок, у якіх дзеці насамрэч ні за што бывае атрымліваюць гэтыя тэрміны. Калі пачалося гэтае ўзмацненне жорсткасці, то рукі нашай доблеснай міліцыі, нашым праваахоўным органам проста былі развязаныя.

Сацыяльна–асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Матчын рух 328” узнікла ў сувязі з мноствам незаконна жорсткіх прысудаў у дачыненні да моладзі, якую абвінавачваюць у распаўсюдзе наркотыкаў.

Упраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама адмовілася рэгістраваць арганізацыю, актывісты якой рыхтуюць позву ў суд з мэтай абскарджвання такога рашэння.

Беларускае Радыё Рацыя