“Матчын рух 328” звярнуўся да дэпутатаў Палаткі



Ініцыятары стварэння сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328”  звярнуліся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Маці асуджаных  паводле артыкула 328 крымінальнага кодэксу – незаконны абарот наркатычных і псіхатропных сродкаў – прапаноўваюць размежаваць адказнасць для тых, хто ўжывае наркотыкі, і тых, хто іх распаўсюджвае і вырабляе. Як паказвае практыка, даволі часта асобы, якія выпадкова ўжывалі наркотыкі, атрымліваюць тэрміны большыя за тых, хто гэтыя наркотыкі распаўсюджвае. “Так быць не павінна”, – упэўнена старшыня ініцыятыўнай групы Ларыса Жыгар:

– Тэрміны неймаверныя. 8 гадоў – гэта вялікая рэдкасць. 10, 15 і нават 18 гадоў зняволення! Нашая задача – каб нас пачула ўлада, у першую чаргу наш Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Каб сітэма ўсё ж такі прыслухоўвалася да матчынага болю і матчынага  гневу.

У сваім звароце да дэпутатаў ініцыятары стварэння грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” просяць народных абраннікаў паспрыяць магчымасці перагляду “наркатычных справаў” за 2012 – 2016 гады. На думку маці, многія справы таго часу сфальсіфікаваныя супрацоўнікамі міліцыі, пракуратуры і судовых установаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня