“Матчын рух 328” звярнуўся да Святланы Алексіевіч



Ініцыятары стварэння сацыяльна асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” звярнуліся праз газету “Народная воля” з адкрытым лістом да лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч.

Мэтай такога звароту з’яўляецца жаданне  матуль, чые дзеці незаконна асуджаныя за распаўсюд наркотыкаў, прыцягнуць увагу беларускай і міжнароднай супольнасці да фактаў масавага  знішчэння маладога пакалення беларусаў пазазаконнымі дзеяннямі праваахоўных структур.

На думку старшыні ініцыятыўнай групы па стварэнні грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларысы Жыгар, тысячы беларускіх матуль, чые дзеці апынуліся за кратамі па загадзе прэзідэнта краіны, разлічваюць на дапамогу сусветна вядомай пісьменніцы:

– Мы думаем, што гэты крык душы, наша бяда да яе ўсё ж дойдзе, кране. А наша паважаная ўлада ўсё ж прыслухаецца да нашага нобелеўскага лаўрэата. Думаю, Святлана Алексіевіч нас пачуе, хоць чымсьці дапаможа. Магчыма, парадай, ацэнкай сітуацыі, што склалася ў нашай краіне, менавіта па тэме наркотыкаў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка неаднаразова патрабаваў зрабіць для асуджаных паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса (ужыванне і распаўсюд наркатычных і псіхатропных рэчываў) вельмі жорсткія ўмовы ўтрымання. Такія, “каб яны смерці прасілі”.

У пенітэнцыярных установах на працягу года скончыла жыццё самагубствам некалькі чалавек. Паводле дадзеных праваабаронцаў, больш за 9 000 маладых людзей ад 14 да 25 гадоў адбываюць вялікія  тэрміны пакарання за рапаўсюд наркотыкаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня