“Матчын рух 328” звярнуўся ў АБСЕ
Кіраўнік ініцыятыўнай групы па стварэнні сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар звярнулася да кіраўніцтва Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) з прапановай паспрыяць запрашэнню сяброў грамадскага аб’яднання да ўдзелу ў круглым стале, прысвечаным праблеме спажывання наркотыкаў у Беларусі. Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі Міністэрства Унутраных Спраў Васіль Лосіч, такі круглы стол павінен адбыцца ў лютым. Аднак незарэгістраваную арганізацыю, якой з’яўляецца “Матчын рух 328”, беларускі бок запрашаць не збіраецца.
Ларыса Жыгар мае спадзеў на тое, што прадстаўнікі АБСЕ пачуюць голас тых маці, чые дзеці ў вялікай колькасці выпадкаў адбываюць тэрміны зняволення па сфальсіфікаваных справах:
– Судзяць нашую моладзь і не глядзяць на ўзрост, не разбіраючыся дасканала і ўсебакова ў справе, не прад’яўляючы важкіх доказаў іхнай віны.
Актывісты сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” маюць намер данесці да зацікаўленых арганізацый Заходняй Еўропы сітуацыю, якая склалася з ужываннем і распаўсюдам наркотыкаў у Беларусі. Перш за ўсё гаворка ідзе пра шматлікія катаванні і здзекі над тымі маладымі людзьмі, якія падазраюцца ва ўжыванні і распаўсюдзе наркотыкаў, а потым атрымліваюць вялікія тэрміны зняволення за злачынствы, якія не здзяйснялі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня