“Матчын рух 328” звярнуўся ў Amnesty International



Актывісты незарэгістраванага сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” звярнуліся ў праваабарончую арганізацыю Amnesty International з мэтай звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на парушэнні правоў асуджаных за нарказлачынствы. У дачыненні да гэтай катэгорыі правапарушальнікаў супрацоўнікі беларускай міліцыі адкрыта ўжываюць катаванні з мэтай атрымання патрэбных сведчанняў. Як вынік – 80% нарказалежных прыцягваюцца да адказнасці не за ўжыванне, а за распаўсюд наркотыкаў, сцвярджаюць аўтары звароту.

umowy2

Паводле ініцыятаркі стварэння грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларысы Жыгар,  актывісты арганізацыі фіксуюць сотні парушэнняў заканадаўства па ўсёй краіне:

– Адной жорсткасцю нельга паўплываць на рашэнне праблемы з наркотыкамі. Калі чалавека затрымалі, яму мусяць даць адваката. Але гэта ў нас не практыкуецца. Прымяняюцца катаванні. Суцэльнае парушэнне заканадаўства.

Аўтары ліста ў праваабарончую арганізацыю Amnesty International прыводзяць шматлікія факты фальсіфікацыі справаў у дачыненні да сваіх родных, многія з якіх адбываюць доўгія тэрміны турэмнага зняволення за злачынствы, якіх насамрэч не здзяйснялі.

Беларускае Радыё Рацыя