“Матчынаму руху 328” адмовілі ў рэгістрацыі
Ініцыятары стварэння сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” атрымалі афіцыйную адмову аб рэгістрацыі арганізацыі з галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама за подпісам начальніка гэтай структуры Аляксандра Сянькевіча. Высокапастаўлены чыноўнік лічыць немэтазгодным рэгістрацыю аб’яднання ў сувязі з тым, што яно мае намер займацца дабрачыннай дзейнасцю. Акрамя гэтага, недаспадобы назва арганізацыі, якая ўтрымлівае лічбы з назвы артыкула крымінальнага кодэкса (ужыванне і распаўсюд наркотыкаў). На думку старшыні сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларысы Жыгар, нежаданне рэгістраваць арганізацыю абумоўлена надуманымі прычынамі:
– Атрымліваецца, што мы не маем права займацца дабрачыннай дзейнасцю. Але чаму? Я не разумею. Бо ў турме сядзяць розныя розныя. У нас ёсць такая маці, у якой сын асуджаны на 9 гадоў, а ён інвалід другой групы. У іншай сына сапраўды трэба лячыць, таму што псіхіка парушана. І калі, не дай бог, гэты чалавек накладзе на сябе рукі, не дажыве, каму мы будзем дапамагаць – зразумела будзем дапамагаць маці.
Ініцыятары стварэння грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” маюць намер абскардзіць адмову аб рэгістрацыі ў судовым парадку. У выпадку адмоўнага рашэння будзе пададзеная скарга ў камітэт ААН па правах чалавека на незаконныя дзеянні беларускіх уладаў у пазбаўленні магчымасці стварэння грамадскага аб’яднання.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя