„Маці 328” маліліся каля віцебскага СІЗА
Колькі дзён таму пачалося малітоўнае паломніцтва ўдзельніц руху “Маці 328”.
Удзельніцы руху выступаюць за змякчэнне пакарання па наркатычным артыкуле 328 КаАП, і некалькі жанчын выправіліся ў вандроўку па гарадах, дзе ёсць турмы, дзе ўтрымліваюць асуджаных за наркотыкі. Каля турэмных муроў яны моляцца з адмысловым абразом, які перадалі з Грэцыі, патлумачыла Алена Кузьміна:
– Настаяцель кляштара падараваў адмыслова для нас, маці, абраз Божай Маці Адзігітрыі. 182 царквы намольвалі гэтую ікону адмыслова для нас, і яна зрабілася нібы душой нашага руху… Мы ідзем на службу, а потым рушым – дзе пешкі, дзе на цягніку, дзе машынай – як пашанцуе. Пачалі з Менску, потым наведалі Бабруйск, калонію для непаўналетніх, потым папраўчую калонію №2, потым быў Гомель, Магілеў, Шклоў яшчэ быў, цяпер вось Віцебск. І шлях вядзе далей – полацкая калонія №1 і Воўчыя норы, калонія №22, дзе выключна наркаманы сядзяць.
Паломніцтва распачалося 6-га чэрвеня, стала ў ім удзельнічаюць некалькі чалавек. Але ў кожным горадзе разам з імі моляцца каля турмаў мясцовыя ўдзельніцы руху “Маці 328”. Віцяблянка Наталля Шарыпа таксама прыйшла на малітву да віцебскага следчага ізалятару:
– Мой сын год і два месяцы адсядзеў у гэтым СІЗА. Артыкул 328, першая і чацвёртая частка, тэрмін 14 гадоў. Хочацца дамагчыся таго, каб людзі прыгадалі, што яны людзі. І сталі больш міласэрнымі”
Жанчыны спадзяюцца, што іхныя малітвы паспрыяюць таму, каб улады перагледзелі змест артыкула 328 і скарацілі тэрміны пакарання. Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 20-ці гадоў зняволення для пераважна маладых людзей, асуджаных за наркотыкі. Маці зняволеных ужо 4 гады спрабуюць дамагчыся зменаў у заканадаўстве, але ўлады ігнаруюць іхныя захады.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя