„Маці 328” плануюць прыпыніць галадоўку ў чаканні сустрэчы з Качанавай
Актывісткі ініцыятывы „Маці 328” плануюць прыпыніць галадоўку ў чаканні сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай, паведаміла БелаПАН адна з удзельніц акцыі пратэсту Ала Бярналь.
Паводле яе слоў, пасля сустрэчы 27 чэрвеня некалькіх актывістак ініцыятывы „Маці 328” з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Мікалаем Снапковым жанчын апавясцілі, што сустрэча з Качанавай павінна адбыцца да 10 ліпеня.
„Таму 3 ліпеня плануем прыпыніць галадоўку. Будзем чакаць сустрэчы з Качанавай і глядзець, што і як яна вырашыць. Калі нашы патрабаванні будуць задаволены, то мы спыняем галадоўку, калі не — аднаўляем”, — патлумачыла Бярналь.
На сённяшні дзень галадоўку па-ранейшаму трымаюць чатыры жанчыны, іх самаадчуванне штодня пагаршаецца. „Нас штодня наведваюць медыкі, і мы штодня падпісваем адмову ад шпіталізацыі”, — расказала Бярналь.
Паводле яе слоў, у аўторак, 2 ліпеня, у актывістак, якія галадаюць, намечана праходжанне медыцынскага абследавання ў паліклініцы.
Галадоўка маці асуджаных па арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) праходзіць з 11 чэрвеня ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. З першага дня ў ёй удзельнічаюць Ала Бярналь, Алена Кузьміна і Людміла Кулініч. 22 чэрвеня да іх далучылася Ларыса Жыгар. Жанчыны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Наталляй Качанавай, новым кіраўніком МУС Юрыем Караевым, а таксама карэкціроўкі антынаркатычнага артыкула і стварэння камісіі па пераглядзе крымінальных спраў ужо асуджаных па арт. 328.
13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі, якія прадугледжваюць зніжэнне на два гады ніжніх межаў пакарання па ч. 2 і 3 арт. 328 КК. Як патлумачылі БелаПАН у парламенце, пасля ўваходжання паправак у сілу для тых, хто ўжо асуджаны па ч. 2 і 3 арт. 328 КК, магчымы перагляд спраў, але не аўтаматычна, а па хадайніцтве асуджанага.