Маці Аляксандра Грунова дамагаецца зменаў у заканадаўстве
Маці пакаранага смерцю гомельца Аляксандра Грунова працягвае дабівацца зменаў у заканадаўстве, якія б дазволілі выдаваць целы расстраляных сваякам. Жанчына з дапамогай праваабаронцаў звярнулася да прэзідэнта, абедзьвюх палатаў парламента, Вярхоўнага суда і ўраду, каб тыя ініцыявалі разгляд яе справы ў Канстытуцыйным судзе.
Паводле Леаніда Судаленкі, практыка засакрэчвання месцаў пахавання расстраляных з’яўляецца негуманнай:
– Вольга Грунова накіравала пяць зваротаў, дзе падняла пытанне, што ў дачыненні да яе і яе сям’і прымяняецца бесчалавечае абыходжанне. Паколькі яна не можа згодна з хрысціянскімі традыцыямі пахаваць свайго сына і наведваць ягоную магілу.
Вольга Грунова мае намер звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека, калі ёй не ўдасца дамагчыся перагляду адпаведных нормаў Крымінальна-выканаўчага кодэксу ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота gomelnews.onliner.by