Маці асуджаных дзяцей звярнуліся да кіраўніка краіны



Маці дзяцей, асуджаных паводле артыкула “незаконны абарот наркатычных сродкаў”, звярнуліся з адмысловым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Жанчыны звяртаюць яго увагу на шматлікія парушэнні заканадаўства ў час следчых і судовых дзеянняў. Маці з усёй краіны падпісаліся пад зваротам да Лукашэнкі з надзеяй, што ён спыніць масавыя арышты моладзі ад 14 да 25 гадоў. Як  паказвае практыка,  суды за распаўсюд і ўжыванне наркотыкаў выносяць жорсткія прысуды – ад 8 да 15 гадоў, пры гэтым мноства крымінальных спраў праводзіцца з прымяненнем сфальсіфікаваных доказаў.

Кажуць жанчыны:

– Мы ўсе павінны яднацца. Нейкая незразумелая эйфарыя вакол гэтага артыкула. І з тэлебачаннем трэба нешта рабіць: як ні ўключыш – усе фільмы пра наркотыкі. Значыць штосьці тут ёсць.

– Калі б гэта было справядліва, то б ніводная маці не пайшла і не сказала б, што яе сын несправядліва асуджаны. Калі, сынок, ты гэта зрабіў, то заслужыў гэта, бо ведаў на што ішоў, – сядзі. Але ж калі гэта проста фабрыкуецца…

– Якіх дзяцей мы атрымаем назад? Ідзе падрыў нашай Беларусі. Калі мы так будзем выконваць гэты ўказ, то нашы дзеці – кожны другі – будуць асуджаныя.

Жорсткія прысуды па артыкулах за наркотыкі пачалі выносіцца пасля таго, як кіраўнік краіны падпісаў у канцы мінулага года дэкрэт №6 “Аб неадкладных захадах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў”. Як сведчаць маці асуджаных, галоўны эфект дакумента  палягае на істотным павелічэнні колькасці прыцягнутых да адказнасці маладых людзей.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота liveinternet.ru