Маці асуджаных за наркотыкі звярнуліся ў МУС



Тысяча сто трыццаць жыхароў Беларусі падпісалі зварот да начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства Унутраных спраў Беларусі Сяргея Дарошка. Родныя і блізкія асуджаных паводле 328 артыкула Крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркотыкаў і псіхатропных рэчываў) просяць кіраўніка міліцэйскай структуры, каб амністыя і умоўна-датэрміновае вызваленне распаўсюджваліся і на тых, хто адбывае пакаранне паводле дадзенага артыкула.

Як зазначае ініцыятарка стварэння грамадскага аб’яднання «Матчын рух 328» Ларыса Жыгар, дзяржава павінна прытрымлівацца канстытуцыйных абавязкаў і не рабіць пазазаконных выключэнняў:

— Калі ў нас у 2006 годзе з’явіліся легальныя курыльныя сумесі, калі адкрыліся інтэрнэт-крамы дзяржава гэта выпусціла з-пад увагі. І цяпер, схамянуўшыся, што яна сапраўды прашляпіла гэтую праблему, такім вось чынам дзяржава вырашыла навярстаць страчанае. Выходзіць так, што сваю віну дзяржава пераклала на плечы блізкіх і сваякоў.

На сёння ўмоўна-датэрміновае вызваленне і амністыя не распаўсюджваюцца на вязняў, якія адбываюць пакаранне паводле частак 2 – 5 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса. Гэта адбылося пасля таго, як прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка выдаў напрыканцы 2014 года дэкрэт №6 “Аб неадкладных захадах па супрацьдзеянні пазазаконнаму абароту наркотыкаў”.

Беларускае Радыё Рацыя