Маці: Гэта не проста пазбавілі грошай, а пазбавілі маленькага чалавека
Маці хлопчыка з інваліднасцю (першая ступень страты здароўя) дамагаецца, каб прадпрыемства „Гроднапрамбуд” вярнула незаконна ўтрыманыя грошы за дапамогу на дзяцей старэйшых за тры гады, з асобных катэгорыяў сем’яў. Прадпрыемства „Гроднапрамбуд” 20 месяцаў захоўвала інфармацыю пра ўвядзенне выплаты. І гэта сума магла б пакрыць выдаткі на лячэнне, якое гэты хлопчык, Максім Макарэвіч, праходзіць перыядычна за мяжой. Ён мае захворванне Вілі Бранта, апрача гэтага пакутуе на гіпертанію.
Вольга Макарэвіч, маці Максіма, звярнулася ў галоўную бухгалтэрыю прадпрыемства з пытаннем: „Чаму на сына не выплочваюць дапамогу?”
– Чаму мне не выплочвалі гэтую дапамогу. З 2016 года, як толькі атрымалі мы інваліднасць, я прадставіла неабходныя дакументы: копію пасведчання аб інваліднасці, паводле якога мне налічваўся павышаны вылік падаходнага падатку, і выплочвалася матэрыяльная дапамога да дня інваліда, кожны год 2 снежня. Мне сказалі, што я не падала пісьмовай заявы, а калі я не падала заяву, то я магу забыць пра грошы. А калі я буду далей супраціўляцца, буду далей патрабаваць вяртання, то мяне проста звольняць па артыкулу.
Справа яшчэ ў тым, што заява на дапамогу афармляецца на бланку дзяржаўнага ўзору. Заява аформленая ад рукі не прымаецца, бо заява ідзе ў дзяржаўны орган фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэты бланк і павінна была прадаставіць галоўны бухгалтар пры звароце з першаснымі дакумантамі грамадзянаў. Але яна гэтага не зрабіла. Да таго ж, фонд сацыяльнай абароны насельніцтва стасоўна выплаты дапамогі для Максіма Макарэвіча не праводзіў маніторынгу на працягу двух гадоў.
Суд Кастрычніцкага раёна адносна выплаты кампенсацыі за дапамогу на працягу 20 месяцаў прыняў адмоўнае рашэнне. А пракурорская праверка накіравала касацыйны пратэст на гэтае рашэнне. Разгляд касацыі пройдзе ў ліпені.
– Па касацыі я б прасіла, каб у абласным судзе разглядзелі ўважліва і адказна гэтую справу, паколькі гэта не проста пазбаленне чалавека грошай. Тут пацярпеў маленькі чалавек, якому па закону належыць дзяржаўная дапамога, якой ён вельмі моцна патрабуе, паколькі яго лячэнне і рэабілітацыя каштуе вялікіх грошай.
Праваабарончы цэнтар „Вясна” будзе аказваць праўную дапамогу маці Максіма Макарэвіча, каб нявыплачаныя грошы былі кампенсаваныя ў поўным аб’ёме. Высветлілася таксама, што гэта не адзінкавы выпадак у прадпрыемстве, калі дапамогі на дзяцей старэйшых за тры гады з асобных катэгорыяў сем’яў не выплочваюцца, альбо выплочваліся не ў поўным аб’ёме. Але гэта ўжо кампетэнцыя Камітэта дзяржаўнага кантроля.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота і відэа аўтара