Маці Грунова звярнулася ў Канстытуцыйны суд



Маці гамельчука Аляксандра Грунова, расстралянага за жорсткае забойства, звярнулася ў Канстытуцыйны суд. Жанчына просіць звярнуць увагу на супярэчнасці ў заканадаўстве, якія не дазваляюць выдаваць сваякам цела пакаранага смерцю.

Праваабаронца Леанід Судаленка заўважае, што бесчалавечнае стаўленне да сваякоў расстраляных супярэчыць і нацыянальнаму заканадаўству, і міжнародным абавязацельствам Беларусі:

– Вольга Грунова з нашай дапамогай звярнулася ў абласны суд, які паведаміў ёй пра смяротнае пакаранне. Яна кажа: „Дайце цела, я хачу пахаваць яго ў адпаведнасці з рэлігійнымі традыцыямі, звычаямі сваёй сям’і”. Але ёй абласны суд са спасылкай на нацыянальнае заканадаўства кажа: „Няма такога закона, які б дазваляў вам выдаваць і хаваць цела свайго сына”. Вось мы пачалі такую цяжбу накіраваную на змену гэтага заканадаўства.

Вольга Грунова пачала стратэгічную цяжбу з беларускай дзяржавай аб прызнанні артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса неканстытуцыйным. У гэтым артыкуле зазначаецца, што целы пакараных смерцю сваякам не выдаюцца, а месцы пахавання не паведамляецца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель