Маці не могуць знайсці сваіх сыноў, затрыманых 4 мая ў Мазыры
4 мая прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне ў Мазыры 11 мужчын. Паводле версіі сілавікоў, яны 11 жніўня 2020 года аказалі супраціў міліцыянтам, калі тыя пачалі спрабаваць спыніць мірны пратэст грамадзян, якія былі незадаволеныя фальсіфікацыяй выбараў прэзідэнта і беспадстаўным гвалтам сілавокў. З таго часу некалькі маці не могуць вызначыць месцазнаходжанне сваіх сыноў.
Як стала вядома «Палескай Вясне», двое з затрыманых вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе. Сілавікі таксама ўзялі з іх і падпіскі аб неразгалошванні, таму яны не могуць распавесці падрабязнасці таго, што ім ставіцца ў віну і чым гэта можа даказвацца.
Але астатнія затрыманыя знаходзяцца ў зняволенні. Правабаронцы высветлілі імёны і прозвішчы ўсіх затрыманых, фотаздымкі якіх трапілі на калаж, выкладзены міліцыянтамі ў інтэрнэт. Але там толькі 10 чалавек. Хто адзінаццаты, так і невядома.
У рэдакцыю «Палескай Вясны» звярнуліся маці некалькіх затрыманых. Яны распавялі падрабязнаці затрымання. Хлопцаў хапалі проста з ложкаў раніцай у кватэрах, альбо ўвечары, калі яны ішлі з працы, ці наадварот раніцай, калі выходзілі на працу. Адзін з маладзёнаў паставіў на газ закіпаць імбрык, тут яму нехта патэлефанаваў і ён выйшаў на вуліцу. Там яго схапілі і запхалі ў бус. Выкіпелы імбрык знайшла на пліце сястра і потым даведалася, што брат затрыманы.
Але цяпер маці не ведаюць дзе знаходзяцца іхнія дзеці. Першыя трое сутак яны нібыта ўтрымліваліся ў Мазырскім ІЧУ. Некаторыя маці стасаваліся са следчымі і тыя абяцалі, што праз трое сутак хлопцаў вызваляць. Але праз трое сутак яны ўвогуле некуды зніклі. Адной з маці ў Мазырскім РАУС сказалі, што яе сын пераведзены ў ізалятар часовага ўтрымання Калінкавіцкага РАУС. Яна, жадаючы перадаць сыну перадачу, паехала туды. Але там ёй паведамілі, што такога вязня ў іх няма. Маці зноў вярнулася ў Мазыр. У тамтэйшай міліцыі ёй ужо сказалі, што яе сын пераведзены ў СІЗА № 3 у Гомелі. Яна патэлефанавала туды, і ёй паведамілі, што там такі ёсць.
Жанчына звярнулася да кіраўніка следчай групы з прозвішчам Бандзюк, распавяла, што ў яе сына маецца сардэчная хвароба. Ён даў ёй паперу з дазволам на тое, каб перадаць хлопцу перадачу. Маці 8 траўня паехала ў Гомель. Але ў пакоі прыёму перадач СІЗА № 3 ёй сказалі, што чалавека з такім імем, прозвішчам і годам нараджэння ў іх няма.
Яшчэ адна маці 7 мая спрабавала перадаць перадачу сыну ў ІЧУ Мазырскага РАУС. Але ёй адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ён нібыта парушыў рэжым утрымання ў ІЧУ і таму пазбаўлены права атрымліваць перадачы. Праз дзень ёй увогуле адказалі, што яе сына ў іх няма. Жанчына пачала тэлефанаваць у СІЗА № 3. Але там ёй адмаўляюцца даваць інфармацыю, ці знаходзіцца там яе сын, кажуць, каб яна прыязджала сама з пашпартам.
Маці і сястра яшчэ аднаго затрыманага хлопца падчас ягонага знаходжання ў ІЧУ Мазыра спрабавалі перадаць яму перадачу. Але ім адмовілі ў прыёме, сказаўшы, што, маўляў, следчы забараніў менавіта для гэтых зняволеных прымаць перадачы.
«Я называю прозвішча сына, дзяжурны проста каля акенца пазірае ў нейкі спіс, і кажа, што для яго перадчу не прымуць. Я спыталася чаму, чым мой сын горшы за іншых зняволеных, а гэты дзяжурны адказаў, што следчы нібыта забараніў для пэўных зняволеных прымаць перадачы. На якіх падставах, дзе, у якім законе ці палажэнні прадугледжана такое — ніхто не ведае. А такога нідзе няма. Да 30 кілаграмаў на месяц не забароненых для перадачы рэчаў і прадуктаў можа атрымліваць у перадачах любы зняволены, незалежна ад пажаданняў следчых ці яшчэ кагосьці. Але я сама ўпэўнілася ў праўдзівасці словаў іхняга самага галоўнага кіраўніка, што цяпер не да законаў», — разважае маці затрыманага.
Пасля 8 траўня месцазнаходжанне сына і брата гэтых жанчын стала невядомым. У Мазырскім РАУС ім кажуць, што ў ІЧУ такога няма, што яго перавезлі ў Гомель у СІЗА. Але адвакатка, якую нанялі жанчыны 8 мая так і не здолела даведацца ці сапраўды яе падабаронны знаходзіцца ў СІЗА. У наступныя выходныя дні яна проста не ўзнімае слухаўку на тэлефанаванні родзічак затрыманага.
«4 мая 2021 года з парушэннем часткі 6 артыкула 23 Закона «Аб органах унутраных справаў», адбылася дэманстрацыя сілы страху і прававога вандалізму сілавых структураў у адносінах да грамадзян, заўзятараў і фанатаў ФК «Славія» і не толькі. У чым была неабходнасць так жорстка абыходзіцца з маладымі людзьмі? Аднак «зараз не да законаў». І вось ужо рэпрэсіўны молах набірае хаду. Такое ўражанне, што сілавыя структуры, перастаюць кантраляваць самі сябе, не выконваюць загады сваіх начальнікаў. Кіраўнік следчай групы падпалкоўнік юстыцыі А.Бандзюк, дае дазвол на перадачу адзення затрыманаму. Яго дазвол ігнаруюць, перадачу не прымаюць. Маці, якія і так знаходзяцца ў надзвычайным стрэсе, не паведамляюць пра месцазнаходжанне іхніх дзяцей. Я лічу, што гэта таксама катаванні, прычым ужо не саміх затрыманых, а іх родзічаў», — каментуе сітуацыю кіраўнік Мазырскай філіі Праваабрончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Целяпун.
Ён лічыць, што рэпрэсіўная машына зараз разагналася да такой ступені, што ахвярай яе можа стаць кожны, нават той, хто сам спрычыняецца да рэпрэсіўных захадаў улады.
«Зараз усё грамадства, кожны можа стаць ахвярай сілавых структураў. І ніхто, ні пракуратуры, ні суды не могуць іх спыніць. І яны ўжо самі не могуць спыніцца. Для машыны рэпрэсіяў патрэбны ахвяры. Не будуць знойдзены ахвяры сярод грамадзян, журналістаў, праваабаронцаў — яны самі стануць ахвярамі за тое, што не знайшлі «паліва» для рэпрэсіўнай машыны. Але ў нашай гісторыі ўжо было падобнае. І ўсе ведаюць, што рана ці позна і выканаўцы ды сведкі рэпрэсіяў робяцца непатрэбныя самому рэпрэсіўнаму апарату», — дадае праваабаронца.