Маці палітзняволенага расейца Ягора Дуднікава звярнулася да Пуціна
20-гадовага расейца Ягора Дуднікава з Самары затрымалі беларускія сілавікі 5 траўня ў Менску. Крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яго распачалі праз тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале «ОГСБ».
Ягор праз ліст з СІЗА распавёў пра катаванні і збіццё, якія ўжываліся да яго пасля затрымання. 31 мая хлопца перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА-1, пра якое ён распавядае як пра месца з жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Маці Ягора Юлія працягвае змагацца за вызваленне сына і звярнулася ўжо ў шматлікія органы. Нядаўна яна папрасіла Следчы камітэт змяніць меру стрымання сына з заключэння пад варту на хатні арышт. Таксама яна звярнулася да Пуціна.
Юлія напісала заяву на імя начальніка упраўлення Следчага камітэта на перавод сына пад хатні арышт. Нагадаем, 25 чэрвеня стала вядома, што палітзняволеную расіянку Сафію Сапегу перавялі пад хатні арышт. Нядаўна Ягор распавядаў, што да яго прыходзіць расійскі консул і «дапамагае, чым можа».
Акрамя таго, Юлія звяртаецца за дапамогай у вырашэнні сітуацыі з сынам да расейскіх органаў. Так, мама Ягора звярнулася да старшыні Дзяржаўнай думы Вячаслава Валодзіна, упаўнаважанага па правах чалавека Расейскай Федэрацыі, а таксама напісала зварот на прамую лінію Уладзіміру Пуціну.
Але сёння жанчыне адказалі, што гэтае пытанне «па-за кампетэнцыі расійскіх дзяржорганаў і службовых асоб».
«Мы працягваем змагацца і спадзяемся на вынік. На дасягнутым я не збіраюся спыняцца. На жаль, многія органы мне адмаўляюцца дапамагчы, але гэта як у лабірынце: калі ў адным баку тупік, значыць ідзем у іншы бок і працягваем змагацца.
Я хачу заклікаць усіх блізкіх і родных абвінавачаных па палітычных артыкулах, якія трапілі ў складаную сітуацыю, не апускаць рукі, працягваць змагацца за сваіх любімых людзей. Грукаць ва ўсе дзверы і, магчыма, адна з іх адкрыецца. Вы дапамагаеце не толькі словамі падтрымкі, але і сваёй надзеяй у тое, што ўсё будзе добра.
Нашы родныя, калі выйдуць на волю, скажуць дзякуй, што іх не кінулі, не забыліся і не пакінулі веру, што ўсё наладзіцца. Вашыя дзеянні даюць вялікае эмацыйнае падсілкоўванне і падтрымку вашым родным, якія апынуліся ў бядзе. Яны будуць змагацца, верыць і не апусцяць рукі.
Звяртаючыся ў розныя інстанцыі, мы працягваем тую барацьбу, якую пачалі нашыя любімыя людзі і не даем здзяйсняцца беззаконню», — кажа маці 20-гадовага палітвязня Ягора.