Маці пяці дзяцей Вольга Залатар прызнаная палітзняволенай



Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала маці пяці дзяцей Вольгу Залатар палітычнай зняволенай. Адпаведная заява размешчаная на сайце праваабарончага цэнтра „Вясна”.

Як стала вядома праваабаронцам, Залатар была затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС 18 сакавіка. У доме ў пасёлку Ждановічы Менскага раёна, дзе яна жыве, быў праведзены вобшук, пасля якога яна была затрыманая і адпраўленая ў ІЧУ. У той жа дзень яе мужа Сяргея Ганкевіча выклікалі на допыт, але замест гэтага яго затрымалі і арыштавалі на 10 сутак за нібыта вывешаны бел-чырвона-белы сцяг у акне дома, што было кваліфікавана як несанкцыянаваны пікет. Пяцёра дзяцей засталіся пад наглядам бабулі.

Прэс-служба УУС Мінаблвыканкама паведаміла, што жанчыну затрымалі за актыўную пратэсную дзейнасць: „38-гадовая жыхарка пасёлка Ждановічы з’яўлялася адміністратарам мясцовага дваровага чата і арганізатарам несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, так званых чаяванняў, прагулак, канцэртаў… Таксама кампетэнтнымі органамі будзе дадзеная ацэнка выкананню мужам і жонкай абавязкаў па выхаванні дзяцей”.

22 сакавіка стала вядома, што ў дачыненні да Вольгі Залатар распачатая крымінальная справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), аднак ужо 29 сакавіка жанчыне было афіцыйна выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Жанчыне пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі, яе змясцілі ў СІЗА № 1.

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый адзначаюць „выключна палітычны характар пераследу Вольгі Залатар з боку ўладаў” і прызнаюць яе палітычнай зняволенай.

„Прызнанне лакальных сацыяльных чатаў экстрэмісцкімі, а іх стваральнікаў і мадэратараў стваральнікамі экстрэмісцкіх арганізацый, мэтамі якіх з’яўляецца „правядзенне несанкцыянаваных сходаў у выглядзе чаявання, прагулак і канцэртаў”, уяўляе вельмі небяспечную тэндэнцыю і найгрубейшым чынам замахваецца на фундаментальныя, гарантаваныя Канстытуцый краіны і міжнароднымі нормамі права свабоды — свабоду мірных сходаў, выказвання свайго меркавання і свабоду асацыяцый”, — адзначаецца ў заяве.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што Залатар выключна мірным чынам рэалізоўвала гэтыя свабоды: „Яе дзейнасць ніякім чынам не ўяўляе пагрозу нацыянальнай або грамадскай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маралі насельніцтва, правоў і свабод іншых асобаў”.

„Мірныя пратэсты, нязгода і крытыка палітыкі дзейнай улады з’яўляецца неад’емным правам грамадзян Беларусі, а пераслед і пазбаўленне волі за гэта з’яўляецца не чым іншым, як парушэннем правоў чалавека. Іншадумства — не злачынства!” — гаворыцца ў заяве.

Таксама праваабаронцы лічаць, што мера стрымання, абраная органамі следства ў дачыненні да Вольгі Залатар, „носіць дэманстратыўна жорсткі характар, яна абраная без уліку дадзеных і характарыстык асобы, выключна з рэпрэсіўнай мэтай”.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтр „Вясна”, „Прававая ініцыятыва”, „Ініцыятыва FORB”, кансультацыйны цэнтр „Х’юман Канстанта”, Беларускі Хельсінкскі камітэт; цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend; Беларускі дакументацыйны цэнтр; Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава; Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Па стане на 3 красавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 324 чалавекі.

belapan.by