Маці траіх дзяцей аштрафавалі за выкрыкванне з вакна «Жыве Беларусь!»
Паводле пратаколу, увечары 7 сакавіка Таццяна Загорац «у 21:03, высунуўшыся з вакна, выкрыквала „Жыве Беларусь!”». Кватэра Таццяны знаходзіцца на восьмым паверсе ў адным з дамоў у Новай Баравой. У РУУСе гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне», на жанчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, паведамляе «Вясна».
Сама Таццяна сцвярджае, што ў гэты час яе не было ў кватэры. Суддзя суда Менскага раёна Новікава пацікавілася, чаму ў такім выпадку менавіта на яе склалі пратакол. Жанчына выказала здагадку, што цікавасць яна выклікала з-за таго, што раней атрымлівала папярэджанне ад міліцыі з-за сняжынак на вакне. Сведка-міліцыянт у сваім рапарце ўказаў тры кватэры, з вокнаў якіх выкрыкваліся лозунгі, але вось няўдача: вокны гэтых трох кватэр выходзяць на розныя бакі дома, таму адначасова іх вызначыць немагчыма.
У выніку за лозунг з вакна суддзя Новікава аштрафавала маму траіх непаўналетніх дзяцей на 870 рублёў (30 базавых).