Мацвей Родаў: Цяпер мы ўсе, як пасля «Сharlie» – парыжане!



У кіраўніка праваслаўнага сайта sobor.by, кінадакументаліста, тэолага Мацвея Родава жахлівыя падзеі ў Францыі апакаліптычным чынам супалі з заканчэннем працы над дакументальным кіно пад назвай «Па кім звініць звон». Яно прысвечанае падзеям першай сусветнай вайны на тэрыторыі Францыі, пошуку суайчыннікаў. Як асабісты боль успрыняў ён начны “тэрарыстычны выклік чалавецтву” у Парыжы. Кажа, што “аналагі напрошваюцца самі па сабе”.

IMG_0738

Мацвей Родаў: Калі я даведаўся пра падзеі ў Парыжы – так і не змог заснуць. Гэта кашмарна! Трагедыя, боль, да якіх нельга быць абыякавым. Гэта здзейснілі не мусульмане – антымусульмане! Тым больш, у Францыі, дзе да іх так паважна ставяцца. Пераканаўся, калі тыдзень ездзілі ў часе здымак на машыне па тамтэйшай глыбінцы. Праехалі Грэнобль, Ліён, Дыжон, Бюсі, і вядома, Парыж. Мне Францыя стала блізкай пасля таго, як убачыў як яны трапятліва даглядаюць магілы жаўнераў з тагачаснай Расейскай імперыі, якія ім дапамаглі ў першай сусветнай. Нават сутыкнуліся з лёсам праваслаўнага расейца, што прыехаў у эміграцыю ў Францыю, аддаў за яе жыццё, быў абвешчаны там святым і пахаваны ў сталічным прадмесці Бюсі.

РР: Але ўспамінаюцца і эпітэты яшчэ з літаратуры 19 стагоддзя пра «бяспечных, легкадумных французаў». Ці не гэта адыграла злы жарт, увогуле, з Еўропай, што ўпусціла да сабе не тое што мільён «галодных ратоў» – людзей іншай, невядомай культуры, паводзінаў, светапоглядаў?

— Хутчэй, наадварот – тое, што ўпусцілі ўцекачоў, высакародна. Праблема ў войнах, што паглынулі рэгіёны перад гэтым. Войны спараджаюць войны, нянавісць – нянавісць. Мы гэта бачым.

РР: З боку тэрарыстаў прагучала ўжо, што гэта “расплата за Сірыю”…

— Яны не могуць прадстаўляць Сірыю. І Ісламская дзяржава і Аль-Каіда не маюць нацыянальнай прыналежнасці і дзейнічаюць супраць усяго чалавецтва. Не трэба думаць, што і не супраць кожнага з нас. Як нехта трапна сказаў, што «мы Сharlie», так і зараз мы – тыя, што загінулі і цяпер знаходзяцца ў Парыжы! Ніхто ж не ведае, хто можа аказацца наступным. Для тэрарыстаў няма розніцы: француз ты, беларус ці амерыканец. Для іх усе – ворагі. За імі не стаяць культура, цывілізацыя. І якая там рэлігія можа навучыць расстрэльваць жывых?! Рэлігія — сувязь чалавека з Госпадам. А ў іх — з нейкай іншай сутнасцю. І вось акурат перад падзеямі ў Парыжы быў завершаны мантаж нашага фільма, рэжысёрам якога выступіла Людміла Панкратава. Яна праз усю стужку тлумачыць, што «звон звініць і па табе». І праз 100 гадоў пасля першай сусветнай – жудасная, невытлумачальная цыклічнасць. Чалавецтва не асэнсавала ўрокі гісторыі, не стала дабрэйшым.

РР: Чалавецтва безнадзейнае?

— Здаецца, наадварот. Госпад зноў дае яму адчуць, што значыць жыццё без Духа. А калі паказвае – значыць, Надзея ёсць. Калі б дапусціў рабіць усё, што хочам – чалавецтва б згібела вельмі хутка. Вайна нараджаецца ў нас. Мы мусім знайсці выйсце ў сябе. Пераадолець унутры зло. Тады будзем дзейнічаць.

Днямі Мацвей Родаў збіраецца адбыць з праваслаўнай гуманітарнай місіяй на Украіну.

MATSVEY-FOTA

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя