Мазырскае супрацьстаянне
Усю зіму, амаль чатыры месяцы, працягваецца супрацьстаянне жыхароў мазырскіх вуліц Пралетарская, Няжнова і завулку Першамайскі з мясцовымі ўладамі. Жыхары выступаюць супраць ўшчыльнення і пабудовы шматпавярховага дома побач са сваімі дамамі. Штодня, з раніцы і да заканчэння працоўнага дня, а то і да ночы, у маразы, людзі дзяжураць і не прапускаюць тэхніку на будаўнічую пляцоўку.
Сустрэчы і размовы з чыноўнікамі ў Мазыры і Гомелі плёну не далі. Скаргі ў пракуратуры і Дэпартамент нагляду і экспертыз, Адміністрацыю прэзідэнта зацягнулі гэты працэс. Раней на месца будаўніцтва прыязджалі спачатку кіраўнікі сілавых структураў. Прадставіцца публічна, назваць свае пасады і прозвішчы грамадзянам адмовіліся (начальнік Мазырскага РАУС Ганчароў з намеснікам, міжрайпракурор С. Сініцкі). Грамадзяне азнаёмілі іх са зместам сваіх прэтэнзіяў, дакументамі, якія супярэчаць дзеючаму заканадаўству. Потым на будаўнічую пляцоўку наведваліся намеснік старшыні райвыканкама С. Дылюк з астатнімі прадстаўнікамі райвыканкама, УКС, “Палессепраект” і іншымі.
Шмат працэдурных парушэнняў і неадпаведнасць заканадаўству ставіць кантралюючыя і надзорныя структуры ў ступар… і людзі маюць рацыю ў сваіх патрабаваннях, і твар вертыкалі неяк трэба не сапсаваць… ды й некаторыя ж сродкі ўжо патрачаны…
Валтузня з будаўніцтвам дома на гэтай пляцоўцы мае сваю, больш чым дваццацігадовую, гісторыю. Пачыналася ўсё яшчэ ў 1994-ым. Тады рашэнне будаваць новы дом адмянілі. Праз 22 гады ідзе чарговая спроба незаконнага будаўніцтва. Жыхары наракаюць, што дрэвы павыціналі, лаўкі паламалі экскаватарам, дзіцячы турнік вывернулі ў гразь.
Цікава, што ў гэтай сітуацыі зробіць дзяржаўная чыноўніца Алена Паўлечка, якая толькі нядаўна была афіцыйна прызначана на пасаду старшыні Мазырскага райвыканкаму? Пачынаць сваю дзейнасць з распальвання сацыяльнай варожасці паміж грамадзянамі і будаўнікамі і тымі, хто жадаў бы ў гэтым доме атрымаць кватэры – гэта для яе сапраўдны выклік. Пратэстуючыя грамадзяне яшчэ раней прадставілі ў райвыканкам, пракуратуру больш за 400 подпісаў, менавіта жыхароў гэтых вуліцаў, якіх праблема будаўніцтва закранае наўпрост. На сустрэчы чыноўніца паказала пратэстуючым грамадзянам, нібыта больш за 500 подпісаў, на бланках плацёжных ведамасцяў, ЗА будаўніцтва гэтага дома. Яе адказ на аргументы людзей – “не смешите мои тапочки” – толькі больш раззлаваў пратэстуючых грамадзян.
“Гэтым адказам-рэплікай кіраўніка раёна яскрава адлюстравана стаўлянне вертыкалі ўлады да праблемаў простых грамадзянаў. Давядзенне сітуацыі да абсурду – як на ўсіх роўнях выбараў, так і да вырашэння праблемаў грамадзян у рэальным жыцці – гэта і ёсць пазіцыя гэтай ўлады” – выказаў сваё меркаванне кіраўнік Грамадзянскай ініцыятывы “Будзем разам” Уладзімір Целяпун.
“Усю зіму пратрымаць людзей на вуліцы ў маразы і снегапады і не прыняць ніякага рашэння – гэта, альбо, непрафесіяналізм чыноўнікаў, альбо іх адкрыты цынізм да вырашэння праблемаў грамадзян, жыхароў Мазыра, выбаршчыкаў. Сур’ёзнай, доўгатэрміновай праграмы развіцця і горадабудаўніцтва ў Мазыры, па сутнасці, не існуе, няма! А павінны ў кожным мікрараёне горада быць стэнды з Планамі забудовы і развіцця гэтых месцаў. Каб людзі бачылі і ведалі, абмяркоўвалі і прапаноўвалі, ўдзельнічалі ў будаўніцтве свайго будучага. Тады людзі будуць праяўляць больш ініцыятывы да ўдзелу ў Камітэтах грамадскага самакіравання. На жаль, улада баіцца актыўнасці людзей. І сама мясцовая ўлада не мае абдуманых, рацыянальных, канкрэтных і адказных дзеянняў. Жывуць і “кіруюць” па інерцыі, па-савецку. У гэтай сітуацыі варта адзначыць станоўчае, разважнае стаўленне да мірнага пратэсту грамадзян з боку міліцыі. Міліцыянты прысутнічалі, цікавіліся праблемай пратэсту грамадзян і перавышэння сваіх паўнамоцтваў не здзяйснялі” – пракаментаваў вынік пратэсту грамадзян на дадзены момант Уладзімір Целяпун.
Беларускае Радыё Рацыя, Мазыр