Мазырскага скуралупа ўзялі пад варту ў Маскве



У УСК па Гомельскай вобласці паступіла інфармацыя аб затрыманні на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі жыхара Мазыра, які знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку па крымінальнай справе аб жорсткім абыходжанні з жывёлай. Пастановай Лефортаўскага раённага суда Масквы ў дачыненні да беларуса абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, 27-гадовы мазыранін прычыняў калецтвы жывёлам. Працэс здзекаў фіксаваў на відэа, ролікі размяшчаў у інтэрнэце. На дадзены момант усталяваныя чатыры такія факты.

Мазырскім РАСК вынесеная пастанова аб прыцягненні яго ў якасці абвінавачанага па ч. 2 арт. 339-1 КК — жорсткае абыходжанне з жывёламі.

Праца па крымінальнай справе працягваецца. Вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі абвінавачванага ў Беларусь.

Фігурант крымінальнай справы раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. У 2007 годзе судом Мазырскага раёна быў прыгавораны да сямі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі за падпал праваслаўнага храма ў Мазыры. Быў вызвалены ў 2012 годзе. Аднак ужо ў чэрвені 2012 года быў затрыманы па падазрэнні ў апаганьванні двух праваслаўных храмаў у Мазыры. Падчас следства сярод матываў апаганьвання храмаў мазыранін называў варожае стаўленне да хрысціянскай рэлігіі. У 2013 годзе суд Мазырскага раёна вынес пастанову аб прызнанні, што гэтая асоб учыніла грамадска небяспечныя дзеянні ў стане адсутнасці памяці. Да яго былі ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння.