Мазырская “Будзем разам” змагаецца за мову



Адным з галоўных кірункаў дзейнасці грамадзянскай ініцыятывы “Будзем разам” у Мазыры з’яўляецца папулярызацыя беларускай мовы і беларускай нацыянальнай культуры. У 2015 годзе была спроба адсачыць рэакцыю чыноўнікаў на адпаведнасць іх патрабаванням Закона “Аб дзяржаўнай службе…”. А ў бягучым 2016 годзе была працягнута гэтая практыка. Яшчэ 21 лютага ў Беларусі праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Беларуская грамадзянская супольнасць вельмі шырока адзначае гэту дату, ладзячы агульнанацыянальную дыктоўку, шматлікія конкурсы, выставы, сустрэчы з беларускімі літаратрамі і музыкамі. Гледзячы які розгалас маюць гэтыя праекты, улада апошнія гады таксама вырашыла быць у “трэндзе” і таксама далучыцца да святкавання. Але робіць гэта вельмі сціпла, як быццам баючыся паказаць сваю прыхільнасць да беларускай мовы, якая пакуль яшчэ з’яўляецца дзяржаўнай.

Так, у Мазыры згодна з распрацаванымі планамі, у Цэнтральнай бібліятэцы імя А. С. Пушкіна праходзіў тыдзень беларускай мовы. Разумеючы, наколькі важным з’яўляецца наладжванне супрацоўніцтва незалежнага грамадства з мясцовымі ўладамі, прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “Будзем разам” наведалі бібліятеку, дзе прайшлі тэст на веданне беларускай мовы і падаравалі кнігу Алеся Бяляцкага “Асвечаныя беларушчынай”. Але галоўнай мэтай візіту была прапанова праводзіць супольныя з бібліятэкай надзвычай актуальныя ў “Год культуры” літаратурна-музычныя вечарыны, якія былі б важным унёскам у справу патрытячнага выхавання жыхароў Палесся, а таксама спрыялі б пашырэнню сферы ўжытку беларускай мовы, знаёмілі б з жыхароў мазырскага Палесся з сучаснымі высокамастацкімі набыткамі беларускага прыгожага пісьменства.

Уладзімір Целяпун і Дзяніс Рабянок

Актывісты кампаніі Уладзімір Целяпун і Дзяніс Рабянок   

Першай павінна была адбыцца сустрэча з вядомым беларускім паэтам, даследчыкам беларускай літаратуры, выдаўцом Міхасём Скоблам і бардам, выканаўцай беларускіх песень, Таццянай Матафонавай. Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “Будзем разам” атрымалі прынцыповую згоду творчага дуэту і гатовыя былі ўзяць на сябе ўсе арганізацыйныя пытанні, звязаныя з гэтай імпрэзай. На імя дырэктара Цэнтральнай мазырскай бібліятэкі была складзеная адмысловая заява з прапановай аб супрацы і кантактамі. Яна была перададзеная з рук у рукі на асабістым прыёме.

Але ж культура ў нашай дзяржаве падпарадкоўваецца ідэалогіі. І, каб правесці нават самае нязначнае мерапрыемства ў супрацы з дзяржаўнай установай, патрэбнае не проста ўзгадненне, а дазвол начальніка аддзела ідэалогіі райвыканкама. З гэтай мэтай прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы “Будзем разам” наведалі Мазырскі райвыканкам. Прычым, падыйшлі да размовы з галоўным ідэолагам Мазыршчыны Ірынай Міронычавай надзвычай грунтоўна: перадалі змястоўны план разнастайных мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку і папулярызацыю беларускай культуры – ад правязення ў розных раённах Мазыра майстар-класаў па выкананні выцінанкі, святаў вышыванкі да беларускіх дыктовак і ўжо ўзгаданых літаратурных імпрэз ва ўсіх бібліятэках горада.

Здавался б, якія могуць узнікнуць перашкоды? Грамадскія актывісты самы прыйшлі і жадаюць працаваць разам з уладамі на карысць беларушчыны ў “Год культуры”! Што яшчэ трэба? Але ў адказ пачулі фактычна катэгарычную адмову. Бо выканаць патрабаванні, якія агучыла начальнік аддзела ідэалогіі мазырскага райвыканкама Міронычава Ірына Яфімаўна, было абсалютна немагчыма. Па-першае, яна захацела атрымаць для праверкі і ўзгаднення тэксты выступаў Міхася Скоблы, якія ён мяркуе рабіць у бібліятэцы, назвы кніг, якія ён збіраецца прэзентаваць, а таксама запісы ўсіх песняў, якія плануецца выконваць падчас імпрэзы. Адным словам, мазырскія ідэолагі пажадалі адцэнзураваць творчую вечарыну, каб не дай Божа не было “крамолы”! Але і пры гэтым, было сказана, што ніякіх гарантый станоўчага рашэння не будзе. Усяго толькі “будзе разгледжана магчымасць яе арганізацыі” і толькі “пасля правядзення важнай палітычнай кампаніі – парламентскіх выбараў”. А яны, нагадаем, павінны адбыцца аж у верасні! Адкінутыя былі і іншыя прапановы.

Вось так дзяржаўныя ідэолагі змагаюцца з беларускай культурай, падзяліўшы грамадзян Беларусі на “правільных” і “няправільных”. Улада фактычна прыватызавала дзяржаву і лічыць, што мае права дазваляць ці не дазваляць працу на ніве беларускага Адраджэння. Хоць, нічога дзіўнага ў гэтым няма. Усе прамінулыя 22 гады мы назіраем брудную палітыку па пераследу і ўціску ўсяго беларускага. І ідэалагічная вертыкаль, як выглядае, і стваралася дзеля таго, каб канчаткова загнаць беларускую мову і культуру ў гета і пахаваць яе там назаўсёды.

Але, нягледзячы на такую пазіцыю ўладаў, грамадзянская ініцыятыва “Будзем разам” будзе і надалей актыўна працаваць у гэтым кірунку. Бо беларуская мова і нацыянальная культура – гэта аснова асноваў, фундамент і народа, і краіны.

zahouvai spak

Стах Мазырскі, Беларускае Радыё Рацыя