Мечыслаў Грыб: Беларусь павінна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне



Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб выступае за адмену смяротнага пакарання. Хоць гэтае пытанне працягвае быць вельмі вострым і няпростым у беларускім грамадстве, аднак яго трэба пільна вырашаць. Палітык упэўнены, што смяротнае пакаранне ў нашай краіне, адзінай краіне ў Еўропе, павінна быць адменена.

Магчыма, адмяніць яго зараз цяжка, але можна ўвесці мараторый. Мечыслаў Грыб мае ў гэтым пытанні асабісты досвед, ён доўгі час служыў у міліцыі:

– Я ўпэўніўся за сваю практыку, што ў гэтых пытаннях могуць быць дапушчаныя памылкі. Напрыклад, я добра ведаю, сам прымаў удзел у расследванні, калі па „віцебскай справе” быў незаконна асуджаны да вышэйшай меры пакарання, і гэты прысуд быў выкананы, Цярэня. І потым, калі мы затрымалі сапраўднага злачынцу, аказалася, што Цярэня быў невінаваты, а яго расстралялі.

І гэта не адзіны прыклад падобных памылак следства і суду. Бяда такіх памылак у іх непапраўнасці. Таму Мечыслаў Грыб цвёрда падтрымлівае намаганні праваабарончай супольнасці дабіцца адмены смяротнага пакарання ці ўвядзення мараторыя на яго ў Беларусі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя