Медыя: брытанская паліцыя ідэнтыфікавала падазроных у замаху на Скрыпалёў



Брытанская паліцыя лічыць, што ёй удалося ідэнтыфікаваць падазраваных у нападзе на былога расейскага шпіёна Сяргея Скрыпаля і яго дачку ў ангельскім Солсберы. Пра гэта паведаміў тэлеканал Sky News са спасылкай на агенцтва Press Association.

Па словах правахоўнікаў, у замаху на забойства ўдзельнічала некалькі расейцаў, таму яны шукаюць больш аднаго падазраванага.

Як адзначыла блізкая да расследавання крыніца, паліцыя ідэнтыфікавала падазраваных праз сістэму відэаназірання. Атрыманыя даныя праваахоўнікі параўналі з данымі пра людзей, якія прыехалі ў Брытанію прыблізна ў той жа час.

Напомнім, што 66-гадовага Скрыпаля і яго 33-гадовую дачку Юлію шпіталізавалі з сімптомамі атручвання ў брытанскім Солсберы 4 сакавіка. Пазней абое выйшлі з крытычнага стану. Брытанскае следства высветліла, што ў час замаху выкарыстоўваўся распрацаваны ў Расеі нервова-паралітычны агент „Новичок”.

30 чэрвеня ў Вялікабрытаніі шпіталізавалі 45-гадовага Чарлі Роўлі і 44-гадовую Дон Стэрджэс. Пачаткова падазравалі, што пара атруцілася гераінам ці какаінам, але дадатковая экспертыза выявіла сляды нервова-паралітычнага агента „Новичок”

8 ліпеня Стэрджэс памерла ў шпіталі. Роўлі апрытомнеў 10 ліпеня.

Паводле інфармацыі The Sun, пара наведвала сады каралевы Елізаветы ў Солсберы, якія знаходзяцца ў 1, 6 км. ад месца, дзе ў сакавіку „Навічком” атруцілі Скрыпалёў. Следства не лічыць інцыдэнт з Роўлі і Стэрджэс спланаваным замахам. Па словах міністра бяспекі Вялікабрытаніі Бена Уолеса, пацярпелая пара не была звязаная з Скрыпалямі. Праваахоўнікі паведамілі, што крыніцай „Новичка” была бутэлька ў доме пацярпелага. Яго брат сказаў, што атрутнае рэчыва было ў флаконе духоў.

9 ліпеня міністр абароны Вялікабрытаніі Гэвін Уільямсан заявіў, што Расея вінаватая ў смерці Стэрджэс.

Беларускае Радыё Рацыя