Медыкі падазраюць тры новыя выпадкі каронавіруса ў Беларусі
Медыкі падазраюць тры новыя выпадкі каронавіруса ў Беларусі, паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на прэс-канферэнцыі ў Менску 9 сакавіка.
„Учора мы атрымалі станоўчыя вынікі наяўнасці РНК віруса ў тэстах трох кантактаў першага ўзроўню асоб, заражаных COVID-19, — сказаў ён. — Калі паўторныя тэсты пацвердзяцца, можна будзе казаць пра дзевяць выпадкаў каронавіруса”.
Гаворка ідзе толькі пра носьбітаў, падкрэсліў Каранік. „Ніякіх клінічных сімптомаў захворвання ў пацыентаў, якія знаходзяцца пад наглядам, няма”, — сказаў міністр.
Да гэтага часу паведамлялася пра шэсць заражаных вірусам COVID-19 у Беларусі. З улікам новых звестак іх колькасць можа вырасці да дзевяці.
