Медыкі павінны быць адкрытымі перад грамадствам
Медыкі павінны быць адкрытымі перад грамадствам. І самастойнымі ў прыняцці рашэнняў. Сітуацыя ставіць нас усіх перад выбарам: жыццё ці смерць. Пандэмія COVID-19 маланкава распаўсюджваецца па Беларусі: Віцебск, Светлагорск, Баранавічы, Жодзіна, Шчучын, Берасце, Пінскі раён, Мазыр.
А лекары працягваюць па загадзе зверху хаваць дыягназы, – кажа блогер Аляксандр Кабанаў, які са сваім напарнікам Сяргеем Пятрухіным шчыльна займаюцца гэтым пытаннем:
– Яны будуць выконваць рэкамендацыі толькі Лукашэнкі. І замест таго, каб сказаць чыноўнікам: так, дарагі ты наш, не лезь, не перашкаджай працаваць, ты не медык, мы – медыкі, мы павінны гэта рашаць. Міністр аховы здароўя – ён медык, у яго ёсць сувязі з калегамі ў Еўразвязе, у Кітаі, ЗША, і ён павінен там пытацца і раіцца з імі.
Паводле Аляксандра Кабанава, калі медыкі не праявяць мужнасць, калі стаіць пытанне жыцця і смерці не толькі людзей, але і іх саміх, калі людзі не выступяць у абарону тых медыкаў, на каго пачнуць ціснуць, то вынікі пандэміі можна прагназаваць смела ўжо зараз.
Беларускае Радыё Рацыя