Медыкі ў рэгіёнах не абаронены перад каронавірусам
Баранавіцкія медычныя ўстановы рыхтуюцца да пандэміі. Вызваляюцца ўсе аддзяленні не толькі бальніц, але і дзённых стацыянараў, бальніц сястрынскага догляду. У чыгуначную бальніцу прымаюць толькі хворых на пнеўманію, вірусныя хваробы, з кашлем і бранхітам.
Але самі медыкі не абаронены перад каронавірусам: пальчатак няма, масак няма, спецраствораў не хапае, спецкасцюмаў мала, – кажа супрацоўніца адной з медычных устаноў горада:
– Я вельмі люблю беларусаў, сваіх людзей. І я гатова аддана працаваць і нават аддаць сваё жыццё. Але няхай радзіма паставіцца да мяне гэтак сама. Калі я сказала свайму работадаўцу, што вы не ў стане купіць мне ў кабінет антысептычныя сродкі, мыла, вы не выдаеце мне халатаў, вы не выдаёце мне рушнік кожны дзень, у мяне няма пальчатак, у мяне няма масак. На што ён мне адказаў: дык што, я павінен гэта табе купіць.
Яшчэ медыкі не ведаюць статыстыку па хворых на каронавірус. Гэта трымаецца ў таямніцы. Падазроных хворых адпраўляюць у Берасцейскую інфекцыйную бальніцу. Там выдзелена 120 ложкаў і 6 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Тэсты на каронавірус адпраўляюцца ў Менск. Іх вынікі ведае хіба Гасподзь Бог.
Беларускае Радыё Рацыя