Медыкі заклікаюць пазбягаць празмернага ўжывання алкаголю
Медыкі заклікаюць грамадзянаў сустрэць навагоднія выходныя вузкім сямейным колам і пазбегнуць празмернага ўжывання алкагольных напояў. Просьба абумоўлена не толькі папярэджаннем COVID-19, але і тым, каб не дапусціць павелічэння нагрузкі на медыкаў у сувязі з масавымі атручваннямі, як гэта традыцыйна бывае пасля навагодніх застолляў.
Лекар Дзмітрый Паўлаў параіў, як у хатніх умовах правільна перамагчы лёгкае харчовае атручванне:
– Калі раптам здарылася штосьці такое і пайшло не па плане, вы адчуваеце, што перабралі з алкаголем, былі лішкі ў харчаванні, тут рэцэпт просты. Пасля такога застолля павінен быць адпачынак, пажадана працяглы сон, вялікае ўжыванне вадкасці – альбо мінералкі без газу, альбо проста кіпячонай вады. Усе астатнія спосабы зняцця алкагольнай альбо харчовай інтаксікацыі індывідуальныя.
Суразмоўца дадае, што пераважна ў навагоднія святы па дапамогу медыкаў звяртаюцца з алкагольнай інтаксікацыяй. Летась такіх зваротаў па краіне было каля паўтысячы.
Беларускае Радыё Рацыя