Медыцынская сястра з Пінска памерла ад каронавіруса
Медыцынская сястра з Пінска памерла ад COVID-19. Некалькі дзён таму яе дачка тэрмінова шукала плазму, паколькі маці знаходзілася на штучнай вентыляцыі лёгкіх:
– Жанчына згарэла літаральна за тыдзень. У 10-ых чыслах траўня яна тэрмінова патэлефанавала з прыпынку грамадскага транспарту, паколькі адчула рэзкае пагаршэнне здароўя, і папрасіла сваю дачку забраць яе дадому. Пасля выкліка „хуткай” стан 54-гадовай медыцынскай сястры пагоршыўся.
Вынікі станоўчага тэста на COVID-19 былі пацверджаныя афіцыйна. Адпаведныя аб’явы пра пошук плазмы змяшчаліся ў сацыяльных сетках і на сайтах рэгіянальных выданняў. 19 траўня жанчына памерла.
Гэта не адзінкавы выпадак смерці ў Берасцейскім рэгіёне ад каронавіруснай інфекцыі. Прадстаўнікі медычнай сферы аддаюць перавагу замоўчванню праблемы і без неабходнасці не агалошваюць смяротныя выпадкі.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце