Медыя і культура: адказ на крызіс
21 лютага ў Менску адбыўся круглы стол на гэту тэму. Мастацтвазнаўцы, журналісты і медыяэксперты абмяркоўвалі будучыню друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ў культурнай сферы, дзяліліся меркаваннямі адносна запатрабаванасці афлайн-выданняў і спрабавалі прааналізаваць лёс беларускіх друкаваных выданных на прыкладзе штогадовага літаратурна-мастацкага альманаху “Маналог”.
Галоўны рэдактар “Беларускага журналу” Андрэй Аляксандраў упэўнены, што нягледзячы на хуткае распаўсюджанне анлайн-медыя, спецыялізаваныя друкаваныя выданні не знікнуць, бо ўяўляюць пэўную мастацкую каштоўнасць.
– Я абсалютна ўпэўнены, што прынт не памрэ. Бо гэта ўжо бывала з чалавецтвам, калі прыходзіў новы медыум і ўсе казалі, што папярэднік памрэ. Так, усе казалі напрыканцы ХІХ стагоддзя, што фатаграфія заб’е выяўленчае мастацтва. Тое самае казалі пра кіно і тэлебачанне, якія мусілі забіць тэатр. Але, здаецца, з тэатрам усё больш чым у парадку. Тое ж самае будзе адбывацца і з прынтам.
Удзельнікі круглага стала запланавалі ў будучым і далей праводзіць публічныя дыскусіі па тэмах, датычных захавання і прасоўвання медыйных праектаў у сферы культуры і мастацтва.
Надзея Бялінская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота press-club.by