«Медыя-Палессе» аштрафавалі на 199 базавых з 200 магчымых



Рэгіянальнае выданне «Медыя-Палессе» аштрафавалі на 199 базавых велічынь (5771 рубель) з 200 магчымых за рэрайт артыкула пра «пінскую бойню». Супрацоўнікі адзначаюць, што гэта больш, чым месячны фонд заработнай платы прадпрыемства.

Суд Лунінецкага раёна прызнаў ТАА «МП Компані», якое з’яўляецца ўладальнікам «Медыя-Палессе», вінаватым у парушэнні п.2. 3 ч. 2 арт. 30-1 Закона «Аб СМІ», піша REFORM.by.

Падставай стаў артыкул «У Брэсце пачаўся суд над другой групай абвінавачаных па “пінскай справе”», апублікаваны спачатку на адным з нацыянальных парталаў і перадрукаваны рэгіянальным выданнем у выглядзе рэрайта. Суд пастанавіў, што выданне распаўсюдзіла недакладную інфармацыю, што «пінскія суддзі адмовіліся праводзіць працэс, таму абвінавачаных перавялі ў Брэст».

Супрацоўнікі партала тлумачаць, што паехаць на працэс над пінчукамі ў іх не было магчымасці, таму яны ўзялі інфармацыю ў калег, паставіўшы гіперспасылку.

«Цытата “пінскія суддзі адмовіліся праводзіць працэс, таму абвінавачаных перавялі ў Брэст” належыць маці аднаго з абвінавачаных і па правілах арфаграфіі ўзятая ў двукоссі. Гэта выказванне чалавека, які агучыў сваё меркаванне», — пішуць яны, адзначаючы, што негатыўных наступстваў для першакрыніцы пасля публікацыі не было.

8 ліпеня ў офісах «Медыя-Палессе» ў Лунінцы і Пінску, а таксама дома ў галоўнага рэдактара і супрацоўнікаў прайшлі ператрусы. Іх праводзілі следчыя групы КДБ у межах крымінальнай справы аб акце тэрарызму.

novychas.by